Пасля выбараў Расія моцна зменіцца
2- Уладзімір Пастухоў
- 16.09.2026, 12:55
- 1,814
Пуцін рыхтуе новую хвалю мабілізацыі.
Так ці інакш, але жыццё ў Расіі пасля выбараў моцна зменіцца, і наўрад ці ў лепшы бок. Я чакаю двух наступстваў: вялікай апаратнай перазагрузкі, якая будзе суправаджацца тэктанічнымі зрухамі сілавых пліт і іх наездамі адна на адну, а таксама ўзмацнення мер камплектавання арміі.
Першае закране не толькі ФСБ, пра што цяпер шмат гавораць, але і АП з Урадам. Другое не будзе называцца мабілізацыяй, але фактычна пройдзе больш жорстка, чым увосень 2022 года (бо ўсе даўно палічаны і ўжо нікуды з гэтай падводнай лодкі не саскочуць).
Пуцін наўрад ці разлічвае на хуткае завяршэнне вайны і, хутчэй за ўсё, плануе выскачыць з яе дзесьці вясной на сваіх умовах. Да таго часу, пакуль штаніна не лопне, ён будзе весці дзве паралельныя гульні — заігрываць з Трампам і запалохваць Еўропу, а Еўропа на нейкі час апынецца ў сітуацыі вайны на два франты: супраць Пуціна (відавочна і адкрыта) і супраць Трампа (няяўна і ўпотай).
Аднак наўрад ці можна казаць, што ў Крамля ёсць нейкі дакладны план, — хутчэй смутнае ўяўленне пра жаданы вектар развіцця падзей. У межах гэтых уяўленняў акцэнт, падаецца, робіцца на зімовую кампанію 2026–2027 гадоў. Пад яе за кастрычнік–лістапад наскрэбуць па закутках бракуючае гарматнае мяса, якое пасля нядоўгага марынавання ў вучэбках кінуць у вогнішча вайны да Новага года.
Як гэта ні смешна, але Пуцін сапраўды намерваецца выдаць за перамогу выхад да межаў Данецкай вобласці. Праўда, у глыбіні душы ён спадзяецца, што дасягненне гэтага выніку прывядзе да перавароту ў Кіеве і ён, урэшце, атрымае поўнае маральнае задавальненне, убачыўшы зрынутага Зяленскага. Пасля гэтага можна будзе дамаўляцца: з кім заўгодна і пра што заўгодна, але толькі не з ІМ.
Усё гэта выглядае да краю сумна і драбязна. Але ж, з другога боку, у гэтай вайны практычна і няма ніякага іншага сэнсу, апроч задавальнення асабістых амбіцый аднаго-адзінага чалавека і тых, хто прыліп да яго ўлады. Таму задавальненне гэтых амбіцый — цалкам сабе дастатковая падстава для спынення вайны.
Уладзімір Пастухоў, Telegram