На волю выйшла актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык
- 16.09.2026, 13:19
Рэжым прысудзіў яе да 9,5 года пазбаўлення волі.
У Беларусі 16 верасня на волю выйшлі яшчэ 25 палітвязняў.
Сярод вызваленых 16 верасня — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык.
Алене Лазарчык 51 год, яна ўдава актывіста і абаронцы Курапатаў Сяргея Мацкойця (ён памёр у 2023 годзе).
У верасні 2022 года Алену асудзілі да 8 гадоў калоніі, яе абвінавацілі па артыкулах аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК).
Пазней ёй дадалі яшчэ паўтара года калоніі па артыкуле аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). З таго часу Алена знаходзіцца ў ІК-24 у Зарэччы, калоніі, куды накіроўваюць адбываць тэрмін жанчын, якіх асудзілі паўторна.
Раней спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул па выніках перамоваў у Мінску паведаміў, што ў Беларусі будзе вызвалена 25 чалавек, а Злучаныя Штаты ў адказ здымуць санкцыі з двух беларускіх кампаній.