20 верасня 2026, Нядзеля, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскі афіцэр здаўся Нацгвардыі Украіны і просіцца служыць у ГУР

Расійскі афіцэр здаўся Нацгвардыі Украіны і просіцца служыць у ГУР

Ён не хоча вяртацца ў Расію ў межах абмену ваеннапалоннымі.

28-гадовы малодшы лейтэнант арміі РФ сам здаўся ў палон брыгадзе «Спартан» Нацыянальнай гвардыі Украіны. Прыняць такое рашэнне яму дапамагло відэа з двума 19-гадовымі суайчыннікамі, якія ўжо апынуліся ў палоне. Пра гэта паведамілі на старонцы брыгады ў Facebook і апублікавалі відэа.

Як распавёў Іван, родам ён з Кемераўскай вобласці. Кантракт з Мінабароны РФ ён падпісаў у 2024 годзе, паводле яго слоў, праз сваркі з бацькамі. У арміі камандаваў узводам. Падрыхтоўка цягнулася ўсяго два тыдні. Да пазіцыі мужчына нават не дайшоў, бо атрымаў раненне.

Пазней за гэта яго ўзнагародзілі медалём «За адвагу».

Паправіўшыся, ён збег з арміі і да 2026 года хаваўся. У сакавіку, як сцвярджае расіянін, яго затрымала паліцыя і зноў адправіла на вайну супраць Украіны. На гэты раз ён сустракаў навапрыбылых пяхотнікаў: інструктаваў іх і адпраўляў на пазіцыі. Паводле яго назіранняў, амаль ніхто з іх не меў нармальнай вайсковай падрыхтоўкі.

«Найдаўжэйшая вайсковая падрыхтоўка — тры дні ў іх была. Тыя, каго я сустракаў, распавядалі, што іх адпраўлялі на заданне пасля аднаго дня на палігоне. Яны не падрыхтаваныя, не ведаюць, як карыстацца рацыямі, картамі», — распавёў палонны.

Галоўнай прычынай афіцэр называе хранічны недахоп асабовага складу. Навабранцаў кідаюць у бой увогуле без належнай падрыхтоўкі. Паводле яго слоў, акупанты нярэдка гінуць проста падчас здымкаў пастановачных справаздач, калі спрабуюць разгарнуць сцягі РФ на яшчэ не падкантрольных ім пазіцыях. Акрамя таго, як адзначае Іван, большасць гэтых штурмавікоў апынаецца на фронце праз падман — пры вярбоўцы ім абяцаюць тыловыя пасады, не звязаныя з удзелам у баях.

«На палігоне расійскі вайсковец можа пражыць да пяці дзён максімум, на перадавой — ад пяці хвілін да гадзіны. Тыя, каму шанцуе больш за ўсё, могуць пражыць суткі па дарозе да пазіцыі, але там усё роўна памрэ», — распавёў акупант.

Далей на відэа палонны распавядае, як наткнуўся на ролік «Спартана». У ім расійскія вайскоўцы паказалі, што здаліся з дапамогай блогера Уладзіміра Золкіна. Іван вырашыў пайсці тым жа шляхам і таксама напісаў Золкіну. З хлопцамі з відэа, аказваецца, знаёмы асабіста.

«Калі б ведаў, што яны плануюць здацца ў палон, пайшоў бы з імі, але яны нічога не казалі», — падкрэсліў расіянін.

Вяртацца ў Расію ў межах абмену ваеннапалоннымі ён не хоча. Замест гэтага ён заявіў, што імкнецца далучыцца да Рускага добраахвотніцкага корпуса Галоўнага ўпраўлення разведкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках