Валер Карбалевіч: Лукашэнка не давярае свайму атачэнню
1- 30.09.2026, 9:17
- 1,428
Прызначэнне Мураўейкі стала важным сігналам.
Прызначэнне Паўла Мураўейкі намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі азначае ўзмацненне кантролю над сілавымі структурамі, перадусім над арміяй. Бо Лукашэнка не давярае свайму атачэнню, сілавікам. І гэта недавер ён імкнецца кампенсаваць татальным кантролем, — піша на «Радыё Свабода» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Супярэчлівае тлумачэнне
28 верасня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Паўла Мураўейку намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Раней ён займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны.
З тлумачэнняў Лукашэнкі вынікае, што новы прызначэнец будзе кантраляваць працу арміі, у цэлым сілавы сектар. То бок гэта новая пасада ў адміністрацыі, якой раней не існавала. І створаная яна спецыяльна пад Мураўейку.
Каментары самога Лукашэнкі адносна гэтага кадравага рашэння, як звычайна, даволі супярэчлівыя. Маўляў, ён прызначыў Мураўейку на згаданую пасаду, «каб атрымаць альтэрнатыўны пункт гледжання на сітуацыю ў Узброеных Сілах».
Але якую альтэрнатыўную пазіцыю адносна стану арміі можа прадставіць чалавек, які толькі што займаў другую па значнасці пасаду ў гэтай жа арміі? Для сапраўднай альтэрнатывы патрэбен быў бы хтосьці з боку, з іншага ведамства.
Яшчэ Лукашэнка заявіў:
«Будзе шмат спекуляцый, пэўных заяў і гэтак далей: «Лукашэнка паддаўся сілавікам, прызначыў у адміністрацыю былога начальніка Генеральнага штаба». Гэта звязана з узмацненнем нейкага там сілавога кампанента. Калі камусьці выгадна так казаць і разважаць — калі ласка, я абсалютна не супраць. Але тое, што ідзе ўзмацненне гэтага кампанента — сілавога сектара і кірунку нашай краіны, — гэта натуральна».
То бок спачатку Лукашэнка называе павелічэнне адміністрацыйнай вагі сілавікоў у дзяржапараце «спекуляцыяй», а потым сам пацвярджае гэтую версію, маўляў, так яно і ёсць.
Чыноўнік на выпадак аўралу
Дарэчы, прызначэнне сілавікоў на кіраўнічыя пасады ў АП — з’ява не апошніх гадоў, а даўняя традыцыя. У розны час кіраўнікамі адміністрацыі былі людзі ў пагонах: Урал Латыпаў, Віктар Шэйман, Генадзь Нявыглас, Уладзімір Макей, Ігар Сяргеенка. А намеснікамі кіраўніка АП працавалі сілавікі Уладзімір Замяталін, Юрый Сівакоў, Станіслаў Князеў.
У сістэме, дзе найбольш запатрабаваная выканальніцкая дысцыпліна, а не ініцыятыва ці крэатыўнасць, людзі ў пагонах апрыёры маюць перавагу.
У біяграфіі Паўла Мураўейкі ёсць цікавы эпізод. Яго прызначэнне на пасаду начальніка Генштаба ў маі 2024-га адбылося пры некалькі незвычайных абставінах. Яго папярэднік Віктар Гулевіч афіцыйна быў звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросце. Аднак 54 гады — гэта зусім невялікі ўзрост для вайскоўца такога ўзроўню.
Той факт, што ўказ аб вызваленні Гулевіча з пасады з’явіўся 10 мая 2024-га, адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з Расіі, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, справакаваў розныя канспіралагічныя версіі.
У любым выпадку выглядае так, што прызначэнне Мураўейкі на пасаду начальніка Генштаба адбылося ў сітуацыі аўралу. Чаму кар’ера менавіта гэтага вайскоўца пайшла ўгару акурат у момант, калі спатрэбілася тэрміновая замена Гулевічу, і выбар Лукашэнкі прыпаў менавіта на яго?
Скандальныя заявы Мураўейкі
Усе незалежныя медыя звярнулі ўвагу, што Павел Мураўейка вядомы скандальнымі заявамі. Напрыклад, ён казаў, што Беларусь мае права сілай прарубіць калідор праз Літву да мора, намякаў на магчымасць прарыву Сувалкскага калідора, пагражаў суседнім краінам ядзернай зброяй, абвінавачваў Захад у падрыхтоўцы да вайны і іншае.
Гэтыя заявы стварылі вобраз Мураўейкі як радыкала, «ястраба», чалавека крайніх поглядаў. Увогуле ён паводзіў сябе як палітычны дзеяч, публічны палітык. Магчыма, тут дала пра сябе знаць пачатковая ваенная адукацыя. Ён скончыў Мінскае ваенна-палітычнае вучылішча, якое рыхтавала палітрукоў.
Аднак варта звярнуць увагу, што свае скандальныя заявы Мураўейка рабіў, калі займаў пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі. А вось стаўшы начальнікам Генштаба, раптам змоўк. Таму можна сказаць, што яго радыкалізм — не столькі дэманстрацыя ідэйна-палітычнай пазіцыі, колькі спосаб дасягнення высокіх пасад, сродак рабіць службовую кар’еру.
Ён добра зразумеў, што Лукашэнку падабаюцца чыноўнікі, якія бягуць наперадзе паравоза ў выкананні яго загадаў, нават намерэнняў, угадваюць яго патаемныя настроі, падсвядомыя думкі. І каб выслужыцца, стаць буйным начальнікам, трэба гучна крычаць тое, на што вождзь толькі намякае. У фаворы чыноўнікі, прапагандысты, якія мацней за іншых лаяць ворагаў Лукашэнкі, услаўляюць яго мудрую палітыку. А Мураўейка вельмі хацеў зрабіць кар’еру і гэтага не хаваў.
Недавер і дадатковы кантроль
У чым сэнс гэтага кадравага прызначэння, якія задачы хоча вырашыць Лукашэнка? Перш за ўсё, гэта сведчыць пра яго татальны недавер да свайго атачэння, сілавікоў. Прымаючы рашэнне пра прызначэнне новага намесніка кіраўніка адміністрацыі, Лукашэнка адзначыў, што кандыдатуру Мураўейкі на гэтую пасаду яму ніхто не рэкамендаваў, гэта была ягоная асабістая прапанова і рашэнне, часткова нечаканае як для цяперашняга кіраўніцтва адміністрацыі, так і для Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.
Варта ўзгадаць, што летась Аляксандр Лукашэнка выказваў незадаволенасць кадравымі прапановамі, якія ўносіў кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Крутой, нават прапаноўваў стварыць нейкую камісію для падбору чыноўнікаў на важныя пасады. Таксама нагадаю, што праверка гатоўнасці вайсковых падраздзяленняў праводзілася цераз галаву вайсковага кіраўніцтва.
Лукашэнка нікому не давярае. Гэта было прыкметна і раней. Але перыяд «позняй аўтакратыі» абвастрае гэтую праблему. Выступаючы на форуме падчас святкавання Дня народнага адзінства, Лукашэнка заявіў, што не бачыць нікога, каму можна было б даверыць уладу. Цяжкі лёс незамяняльнага вождзя.
Дык вось, татальны недавер можна кампенсаваць татальным кантролем. Прызначэннем Мураўейкі на пасаду, якая прадугледжвае нагляд за вайскоўцамі, Лукашэнка стварае яшчэ адну прыступку дадатковага кантролю сілавых структур. І не хавае гэтага. Прымаючы рашэнне прызначыць Уладзіміра Белага новым кіраўніком Генеральнага штаба Узброеных Сіл, Лукашэнка адзначыў, што той будзе пастаянна знаходзіцца ў полі зроку не толькі Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, але і намесніка кіраўніка АП.
Але наяўнасць шматлікіх службаў кантролю азначае перакрыжаванне функцый розных ведамстваў, дубляванне паўнамоцтваў. Гэта не робіць дзяржаўны апарат больш эфектыўным. Кантрольныя інстытуцыі не маюць легітымных працэдур самарэгуляцыі, яны выконваюць толькі асабістыя загады ўладцы. Дзеля ўмацавання яго ўлады яны, уласна, і ствараюцца.