16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фальсіфікацыя вынікаў выбараў -- галоўная праблема беларускага рэжыма

8
Фальсіфікацыя вынікаў выбараў -- галоўная праблема беларускага рэжыма

Нямецкія дэпутаты не згодныя з Лукашэнкам, які заявіў, што не існуе перашкод для развіцця адносін з Еўропай пасля адмены санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў.

"Я вельмі высока ацэньваю гэтыя крокі, яны ім няпроста даліся, улічваючы, што ў Еўразвязе 27 дзяржаваў. Думаю, у нас вельмі добрыя перспектывы ва ўзаемаадносінах з Еўропай. Мы можам мець зносіны з Еўропай не праз жалезную заслону, Берлінскую сцяну. Еўрапейцы самі сябе няёмка адчувалі ў сувязі з гэтымі санкцыямі", - заявіў учора Аляксандр Лукашэнка.

Ці сапраўды для дыялогу Еўропы і Беларусі ўсе перашкоды знятыя, пацікавілася «Нямецкая хваля» у дэпутата бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Маркуса Меккеля (Markus Meckel).

"Не, вядома ж, дагэтуль існуе шэраг праблем, якія неабходна абмяркоўваць, - адзначае дэпутат. - Намі не засталося незаўважаным тое, што "парламенцкія выбары", якія прайшлі ў Беларусі, не былі свабоднымі і дэмакратычнымі. Захаванне пэўных прапановаў АБСЕ па змене выбарчага заканадаўства з'яўляецца цяпер цэнтральнай праблемай для краіны".

Па словах палітыка, Еўразвязу таксама варта ў дадзеным выпадку, як і ў выпадку з Кітаем, весці дыялог з праваабарончымі інстытутамі ў Беларусі і падтрымліваць іх. Што, дарэчы, было б і на карысць Беларусі, лічыць Маркус Меккель. "Паколькі прыход замежных інвестараў - а Беларусі патрабуюцца інвестары і мадэрнізацыя - магчымы толькі ў тым выпадку, калі ў краіне будуць умацоўвацца інстытуты прававой дзяржавы".

"Зацікаўленасць у развіцці адносін існуе і з боку Еўразвяза, і з боку Беларусі. І мы павінныя ісці насустрач адзін аднаму для дасягнення агульных мэт. Хоць я і выразна разумею, што працэс збліжэння падоўжыцца яшчэ доўга", - тлумачыць Маркус Меккель.

На пытанне, як варта апазіцыі паводзіць сябе далей, палітык адказвае: "У першую чаргу, для апазіцыі важна працаваць разам. Ёй варта інтэнсіўна наладжваць кантакты з простымі грамадзянамі. Еўропа павінная яе, вядома, пры гэтым падтрымаць".

Еўразвяз, лічыць палітык, таксама павінен спрыяць развіццю свабоды СМІ і забеспячэнню бесперашкоднага доступу да інфармацыі, першым чынам, аб сітуацыі ў самой Беларусі. "Акрамя таго, нам варта выразна даць зразумець, што тыя, хто выступаюць за развіццё дэмакратыі і захаванне правоў чалавека ў Беларусі, з'яўляюцца нашымі сябрамі і партнёрамі".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках