Беспрэцэдэнтныя меры бяспекі падчас візіту Аліева ў Менск
18- 12.11.2009, 14:33
У сувязі з афіцыйным візітам Ільхама Аліева на менскіх вуліцах затрымліваюць дзесяткі людзей.
У сталіцы Беларусі сталі даволі частымі выпадкі, калі з нагоды правядзення цырымоній на плошчы Перамогі ў Менску з удзелам афіцыйных асобаў перакрываецца рух не толькі для аўтамабілістаў, але таксама і для пешаходаў. Як паведамляе «Радыё Рацыя», так адбылося і сёння.
У Беларусі працягваецца візіт прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева. Сёння ён усклаў кветкі каля помніка Перамогі ў цэнтры Менска. Службы аховы беларускага і азербайджанскага прэзідэнта ў гэтыя хвіліны затрымлівалі дзесяткі людзей.
Тыя, хто жыве побач з плошчай Перамогі, папросту не маглі патрапіць у свае кватэры. На пляцоўках стаялі супрацоўнікі АМАПу. Таксама ў раёне плошчы Перамогі быў затрыманы журналіст «Радыё Рацыя». Пасля таго, як ён назваў сябе супрацоўнікам СМІ, яго зацягнулі ў амапаўскі аўтобус і даглядзелі ўсе асабістыя рэчы.
Прыкладна такія ж самыя дзеянні адбываліся з усімі, хто спрабаваў спрачацца з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.