29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянеры выйшлі ў цэнтр Менска з партрэтамі палітвязняў (Фота)

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі ў цэнтры Менска акцыю ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага.

Маладыя апазіцыянеры сталі ў адным з падземных пераходаў на праспекце Незалежнасці з партрэтамі палітвязняў. Адначасова мінакам раздаваліся ўлёткі з інфармацыяй пра вязняў сумлення. Па сканчэнні акцыі актывісты замацавалі партрэты Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага на сцены перахода.

Нагадаем, што 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі ў дачыненні апазіцыі. Яе ініцыятарамі выступілі грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», «Малады Фронт» і «Моладзь БНФ».

У беларускіх турмах улады па-ранейшаму ўтрымліваюць палітвязняў. Гэта актывіст «Маладога фронта» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Арцём Дубскі 7 ліпеня быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках