Ільготы на імпарт расейскай нафты могуць абыйсціся Беларусі занадта дорага
12- 4.11.2009, 11:46
Верагодна, што ўладам прыйдзецца пайсці на прыватызацыю аб'ектаў, якія цікавяць Расею, у тым ліку «Нафтан-Паліміра».
Беларусь працягне аплачваць пошліну за расейскую нафту, якая пастаўляецца, як мінімум на працягу першых шасці месяцаў 2010 года. Па словах эксперта Таццяны Манёнак, не выключана, што менавіта такі механізм паставак будзе прапісаны ў праекце праграмы пашыранага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў паліўна-энергетычным комплексе, які абмяркоўваўся падчас нядаўніх перамоваў прэм'ераў Сяргея Сідорскага і Уладзіміра Пуціна ў Маскве, пішуць «Беларускія навіны».
Паколькі пошліна на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расеі, у 2009 годзе разлічваецца з ужываннем каэфіцыента 0,356, не выключана, што ён будзе адкарэктаваны. А вось якімі будуць умовы паставак нафты пасля заканчэння шасці месяцаў, шмат у чым залежыць ад вынікаў перамоваў бакоў.
Беларусь не губляе надзеі выгандляваць для сябе ільготныя ўмовы імпарту расейскай нафты ў межах Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана. Яшчэ 6 кастрычніка ў Екацярынбугу першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў, што дзяліць пошліну на нафту ў межах саюза няправільна.
«Беларускі бок лічыць, што пошліну на нафту дзяліць няправільна, таму што і раней Беларусь і Расея фактычна працавалі ва ўмовах Мытнага саюза. Зараз, калі гэты працэс узмацняецца, ствараецца Мытны саюз на траіх, навошта вырываць з гэтага пераліку адну нафту і спаганяць увазную пошліну на яе. Больш разумна і рацыянальна дзяліць экспартную пошліну на нафтапрадукты», - перакананы У.Сямашка.
Як адзначае Таццяна Манёнак, Мытны саюз для Расеі - гэта прыярытэтны праект, на рэалізацыю якога зараз накіраваныя ўсе высілкі. «Для Расеі важна завершыць гэты праект на арганізацыйным узроўні. Таму ёсць вялікая верагоднасць, што расейскі бок у сувязі з гэтым прапануе Беларусі пэўныя бонусы ў прыватнасці пры пастаўках нафты».
Мытны саюз павінен запрацаваць з 1 студзеня 2010 года. Да гэтага часу бакі плануюць завершыць працу над узгадненнем Адзінага мытнага тарыфу. З 1 ліпеня 2010 года плануецца вынесці ўсе формы кантролю на знешнія межы Беларусі і Расеі.
Магчыма, да гэтага часу бакі дамовяцца пра новыя ўмовы паставак нафты. Адзін са сцэнараў, якія прапаноўваюцца беларускім бокам, мяркуе размеркаванне экспартнай пошліны на нафтапрадукты ў суадносінах 85 на 15 паміж расейскім і беларускім бюджэтам адпаведна.
Але Расеі будуць патрэбныя цвёрдыя гарантыі падзелу пошлінаў на нафтапрадукты. У гэтым пытанні Беларусь ужо сябе дыскрэдытавала, таму прыйдзецца пераконваць Расею, што спробы ўхіліцца ад выплаты пошлінаў рабіцца не будуць. Магчыма, для большай згаворлівасці Беларусі прыйдзецца пайсці на пэўныя саступкі. Напрыклад, у пытанні прыватызацыі аб'ектаў, якія цікавяць Расею, адным з якіх з'яўляецца «Нафтан-Палімір».
У пытанні кошту дзяржуласнасці Беларусь заўсёды была непахісная і прапанаваныя за аб'екты сумы лічыла неадпаведнымі іх рэальнаму кошту. Менавіта таму «Белтрансгаз» прадавалі на працягу некалькіх гадоў. І толькі дзякуючы цвёрдай пазіцыі Расеі гэтае пагадненне адбылася. Не выключана, што Беларусі зноў прыйдзецца пайсці на пэўныя саступкі», лічыць эксперт.
З іншага боку, Беларусь не хоча губляць кантроль над такім прынадным кавалкам, як айчынная нафтаперапрацоўка. За студзень-жнівень гэтага года НПЗ экспартавалі больш за 10 млн. тон нафтапрадуктаў. Пры сярэднегадавым кошце за тону нафтапрадуктаў у 408 даляраў агульная выручка склала не менш за 4 млрд. даляраў. Пры падвышэнні коштаў на нафтапрадукты на сусветным рынку выручка нафтаперапрацоўкі будзе толькі павялічвацца.
Зрэшты, праграма пашырэння супрацоўніцтва ў галіне ПЭК паміж дзвюмя краінамі мяркуе не толькі вырашэнне пытанняў па рэалізацыі нафтапрадуктаў, але і рэалізацыю праектаў у галіне здабычы нафты. Магчыма, Беларусь зможа, як таго хоча прэзідэнт, удзельнічаць у распрацоўках расейскіх радовішчаў нафты.
Адказваючы 2 кастрычніка на пытанні расейскіх журналістаў у Менску, Аляксандр Лукашэнка наракаў, маўляў, Беларусь здабывае нафту ў Венесуэле, пачынае ажыццяўленне такога ж праекту ў Іране, плануе працаваць у Афрыцы. «Разам з тым у роднай Расеі нам не далі ніводнай нафтавай свідравіны».
Паводле яго словаў, у Расею на распрацоўку радовішчаў «едуць амерыканцы, немцы - беларусы не едуць. Гэта што - своеасаблівая спроба трымаць на нас на кароткім ланцужку? Але гэта няправільна. Мы маглі б добра, годна ў вас працаваць. І Расея магла б нам на агульных умовах дазволіць здабычу нафты і газу».
Па словах Т.Манёнак, «у такога кшталту праектах удзельнічаюць кампаніі з агромністым капіталам. І Беларусі прапаноўвалі на роўных удзельнічаць, але яна не змагла б вытрымаць канкурэнцыю. Неабходныя велізарныя капіталаўкладанні».
У Венесуэлы з Беларуссю, па словах эксперта, асаблівыя стасункі, таму і былі прапанаваныя ільготныя ўмовы нафтаздабычы.
Што датычыць Расеі, «дык складана меркавць, як далёка яна гатовая зайсці ў сваіх інтэграцыйных планах. Але той факт, што праграму пашырэння супрацоўніцтва ў галіне ПЭК адправілі на дапрацоўку, можа казаць пра тое, што Расея настроеная сур'ёзна і проста так дывідэндаў, бонусаў даваць не мае намеру, толькі ў адказ на канкрэтныя крокі», заявіла эксперт.