1 лiстапада 2024, Пятніца, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці палітзняволенага Арцёма Дубскага: Уладам трэба было, каб сына пасадзілі

Вязня сумлення Дубскага трымаюць у камеры бабруйскага следчага ізалятара. Сёння актывісты «Маладога Фронту» перадалі яму вопратку і ежу.

Адвакат Тамара Сідарэнка ўжо рыхтуе скаргу на рашэнне Асіповіцкага раённага суду аб пазбаўленні волі актывіста «Маладога фронту» Арцёма Дубскага тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Радыё Свабода».

А блізкія сваякі чакаюць хутчэйшага вызвалення Дубскага. Яны ведаюць, што ён ні ў чым не вінаваты, і выказваюць свая абуранасць здарэннем.

Сястра Арцёма Дубскага, Алеся, сёлета скончыла 9 клас. Яна кажа, што сябры і аднакласнікі ведаюць аб лёсе яе брата і спачуваюць ёй

«Усё ўсё разумеюць, -- кажа Алеся Дубская. -- Спачуваюць, што мой брат сеў у турму. Але яны ж разумеюць, што не за забойства або рабаванне… а за палітыку. Выказваюць мне спагаду і падтрымліваюць».

Маці палітвязня Алена Дубская ўзгадвае, як пасля арышту яе сына абражалі на беларускім тэлебачанні.

«Мне знаёмыя распавядалі, што на Арцёма БТ выдала 10 хвілін эфірнага часу, -- кажа Алена Дубская. -- Казалі, што ён і алкаголік, і ўсякі бруд лілі».

Кажучы аб арышце свайго сына, жанчына заяўляе: «Я так разумею, што гэта ўсё было трэба толькі ўладам».

Асабліва Алену Дубскую абражае тое, што яе сына вінавацяць у тых «грахах», якія ён ніколі не здзяйсняў. Арцём Дубскі не паліць, не ўжывае алкагольных напояў. Маці палітвязня лічыць, што яе сын сам абраў свой шлях, і кажа, што ніколі не спрабавала яму перашкодзіць. Толькі прызнаецца, што часам хвалюецца, калі ад яго не прыходзіць лістоў або нечакана БТ дэманструе чарговы фільм пра небяспеку, якую нібыта нясуць грамадству дзяўчыны і юнакі з «Маладога фронту».

Нагадаем, што 7 ліпеня ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбывання пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Ўкраіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманых папярэджання аб парушэнні правілаў адбывання пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, распачатая ў адносінах удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках