Апазіцыянера чатыры гадзіны пратрымалі на беларуска-літоўскай мяжы
1- 9.07.2009, 9:16
Пасля ўдзелу ў акцыі памяці выкрадзенага аператара Зміцера Завадскага ў актывіста «Маладых дэмакратаў» Рамана Багдановіча паўсталі праблемы на беларускай мяжы.
Затрымалі Рамана Багдановіча беларускія памежнікі.
У Вільнюсе моладзевы актывіст удзельнічаў у пікетаванні амбасады Беларусі з нагоды смерці Зміцера Завадскага, паведамляе сайт ucpb.org.
Маладыя людзі раздавалі жыхарам сталіцы Літвы ўлёткі на літоўскай мове аб сітуацыі ў Беларусі і аб зніклых палітыках.
Раман Багдановіч вёз з Вільнюса літаратуру па праваабарончай тэматыцы. «Гэтую літаратуру там даследавалі ўсе, хто толькі мог, – кажа Багдановіч. – Спачатку салдаты-памежнікі, потым афіцэры, потым панеслі наверх, да начальства…»
У выніку, літаратуру вярнулі. Аднак аўтобус, на якім ехаў Багдановіч, з'ехаў. Моладзеваму актывісту прыйшлося дабірацца ў Менск на спадарожцы.