26 красавiка 2024, Пятніца, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Мы павінны адказаць рэжыму ў Дзень Волі 25 сакавіка» (Відэа)

61
Андрэй Саннікаў: «Мы павінны адказаць рэжыму ў Дзень Волі 25 сакавіка» (Відэа)

Беларусы павінны прадэманстраваць сваю рэакцыю на беззаконне, якое адбываецца ў краіне.

Экстранная прэс-канферэнцыя лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава, рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай і журналісткі «Народнай волі» Марыны Коктыш прайшла 17 сакавіка ў Менску.

Нагадаем, што ўчора міліцыя ўварвалася ў офіс сайта charter97.org, канфіскаваўшы ўсе кампутары, якія знаходзіліся там. Пры гэтым была збітая рэдактар сайта Наталля Радзіна. Ператрусы прайшлі таксама ў кватэры лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава і яго жонкі, журналісткі Ірыны Халіп, у рэдакцыі газеты «Народная воля» і ў кватэры журналісткі выдання Марыны Коктыш. Падчас ператрусаў канфіскоўвалася ўся тэхніка і носбіты інфармацыі.

«Ніякага дачынення тое, што адбываецца, да так званай «паляўнічай справы», не мае. Гэта зараз відавочна. Ідзе паляванне, калі казаць пра «паляўнічую справу», на незалежную журналістыку, незалежныя СМІ, на найбольш папулярныя медыі - сайт charter97.org, газету «Народная воля», сайт «Беларускі партызан».

Не выпадкова, гэта ўсё адбылася 16 сакавіка. Гэта Дзень салідарнасці. Адбыліся не толькі ператрусы і напады, але і працягнуўся суд над палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, разагнаныя акцыі салідарнасці, арыштаваныя людзі. Увесь дзень міліцыя, КДБ, спецыяльныя службы проста паказвалі, як яны напалоханыя гэтымі днямі салідарнасці. І салідарнасць - гэта тое, што сёння нам трэба. Салідарнасць беларусаў, салідарнасць ў свеце. Мы ведаем, што ў свеце ўжо пайшла рэакцыя, будзе яшчэ больш моцная рэакцыя. Я магу сказаць, што Аляксандру Лукашэнку трэба забываць пра заходнія крэдыты, таму што я не ведаю, хто зараз будзе лабіяваць яго інтарэсы, фінансаваць дыктатуру, якая ўсё больш і больш дэманструе сваё сапраўднае аблічча», - заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Па словах палітыка, зараз свет таксама чакае рэакцыі беларусаў на падзеі, якія адбываюцца ў іх краіне.

«Дні салідарнасці павінны стаць дзеяннямі салідарнасці. І бліжэйшая нагода - гэта нашае свята Дзень Волі 25 сакавіка. Мы ведаем, што арганізатары падалі заяўку на правядзенне акцыі, з'явіліся ўлёткі, ідзе праца над арганізацыяй гэтага мерапрыемства. Не трэба нас палохаць, і нікому не трэба баяцца. Беларусы - моцныя людзі, але мы павінны зразумець, што зараз ідуць напады не на журналістаў, не на свабодную прэсу, не на палітыкаў, а на ўвесь беларускі народ. Беларусы павінны сказаць сваё слова, прадэманстраваць сваю рэакцыю на беззаконне, якое адбываецца. Перамены хутка. Я ўпэўнены ў гэтым, я ў гэта веру. А тое, што адбываецца зараз, сведчыць пра тое, што ў лукашэнкаўскага рэжыму сапраўды няма ніякіх адказаў на складаныя выклікі часу, няма ніякіх адказаў на крызіс, не адбываецца ніякага рэфармавання эканамічнай сістэмы, пагаршаецца жыццё, і дыктатарскія ўлады проста не хочуць чуць праўду, якую мы распавядаем беларусам і свету», - адзначыў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў адзначыў, што рэпрэсіі будуць працягвацца: учора позна ўвечары міліцыянты спрабавалі ўварвацца з ператрусам да прэс-сакратара Хартыі'97 Алега Бебеніна і каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Зміцера Бандарэнкі. Не выключана, што гэтыя спробы працягнуцца.

«Але зноў-такі: усё залежыць ад таго, як мы вытрымаем гэта, і як мы адрэагуем», - перакананы Саннікаў.

Рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна падчас прэс-канферэнцыі выказала ўдзячнасць беларускім і замежным журналістам, праваабарончым арганізацыям за салідарнасць і падтрымку падчас ўчорашняга нападу на рэдакцыю. На думку журналісткі, напад на яе супрацоўнікаў міліцыі, а таксама канфіскацыя ўсіх кампутараў у рэдакцыі, сведчыць пра тое, што ўлады вырашылі не чакаць 1 ліпеня, калі ў сілу уступіць адыёзны ўказ Лукашэнкі аб цэнзуры інтэрнэту ў Беларусі.

«Відавочны страх уладаў. 14 сакавіка мы публікуем інтэрв'ю Андрэя Саннікава, які заявіў пра намер стаць прэзідэнтам Беларусі, 16 сакавіка - у нас ператрусы і канфіскацыя. Улады настолькі баяцца, што чакаць ужо не могуць - ім трэба заціснуць, задушыць усё свабоднае, што яшчэ засталося ў краіне. Мяркуючы па тым, як развіваюцца падзеі, адзінкай вымярэння свабоды слова ў Белнэце можа стаць 1 чуй, ці 1 корж. Іван Корж гэта супрацоўнік КДБ, на якога нібыта «узвялі паклёп» журналісты, а Аляксандр Чуй - гэта следчы Ленінскага РУУС, які ўчора так жвава са сваімі малойчыкі урываўся ў офіс сайта Хартыі. Але хачу запэўніць - задушыць нас не ўдасца. Так, зараз нам яшчэ цяжэй працаваць, але мы будзем выконваць свой прафесійны і чалавечы абавязак - гаварыць праўду», - сказала Радзіна.

Нагадаем, што ўчора пры спробе гвалтам патрапіць у рэдакцыю сайта, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным нанеслі журналістцы ўдар кулаком у твар. У Наталлі Радзінай гематома ў вобласці вока, і сёння яна мае намер абскардзіць напад на яе міліцыі ў пракуратуры.

Падчас прэс-канферэнцыі журналістка газэты «Народная воля» Марына Коктыш, у якой ўчора таксама прайшоў ператрус у кватэры, а да гэтага ў рэдакцыі, паведаміла, што з прад'яўленых міліцыянтамі дакументаў яна высветліла, што крымінальная справа па факце паклёпу на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа, якое стала фармальнай падставай ператрусаў у журналістаў, была ўзбуджаная 31 снежня 2009 года. Пастанова аб ператрусе была напісаная начальнікам Гомельскага УУС 23 лютага 2010 года, папера аб тым, што трэба правесці ператрус у кватэры журналісткі, прыйшла з Гомеля ў Менск 4 сакавіка. Ператрус прайшоў 16 сакавіка. Такім чынам пастановы на ператрусы ў журналістаў былі напісаныя загадзя і чакалі «свайго часу».

Адказваючы на пытанне журналістаў, якой павінна быць рэакцыя Еўразвяза на апошнія падзеі ў Беларусі, Андрэй Саннікаў заявіў:

«Рэакцыя Еўразвяза павінна быць адназначнай - яны павінны прызнаць паразу сваёй няўмелай палітыкі «выхавання» дыктатара, прызнаць, што дэмакратызацыя не адбываецца сама па сабе. Яны павінны зразумець, што дэмакратычных інстытутаў, незалежнай прэсы, незалежных судоў у Беларусі не існуе. І павінна быць адпаведная рэакцыя, трэба спыніцца гуляць у гэтыя гульні. Гэтыя гульні прыводзяць да знішчэння народа. Да знішчэння незалежнай дзяржавы».

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках