«Народная воля»: Арыштаваны брат Дзмітрыя Паўлічэнкі
18- 2.03.2010, 10:06
У Рэспубліканскім турэмным шпіталі здарыўся скандал. Там памёр адзін са зняволеных. Прычынай смерці нібыта паслужылі наркотыкі.
Пра гэта стала вядома «Народнай волі» з дасведчаных крыніцаў.
Па выніках аператыўнай праверкі былі затрыманыя некалькі чалавек. Адзін з іх — начмед турэмнага шпіталя, а другі — брат даволі вядомага палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі.
Зараз вядзецца разбіральніцтва.
Нагадаем, што экс-камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнку нароўні з экс-міністрамі ўнутраных справаў Беларусі Уладзімірам Навумавым і Юрыем Сіваковым, а таксама былым сакратаром Савета бяспекі Віктарам Шэйманам міжнародная супольнасць падазрае ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўразвяза.