Фантомную «саюзную» дзяржаву заменяць пародыяй на ЕЗ
340- 18.11.2011, 16:25
Кіраўнікі Беларусі, Казахстана і Расеі падпісалі ў Крамлі дэкларацыю аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і Дамову аб Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Кіраўніком Еўразійскай эканамічнай камісіі стане Віктар Хрысценка - міністр прамысловасці і гандлю Расеі, былы віцэ-прэм'ер урада. 54-гадовы Хрысценка - чыноўнік з вялікім стажам, які ўваходзіць ва ўрад Расеі з 1998 года, паведамляе «Радыё Свабода».
У Дэкларацыі гаворыцца аб пераходзе да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва - адзінай эканамічнай прасторы, «заснаванай на нормах і прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі і адкрытай на любым этапе свайго фарміравання для далучэння іншых дзяржаваў».
Дакумент таксама вызначае далейшыя шляхі інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў фармаце «тройкі». У якасці канчатковай мэты абвяшчаецца стварэнне Еўразійскай эканамічнай саюза. Гэты орган будзе кіраваць інтэграцыйнымі працэсамі ў фармаце Мытнага саюза і АЭП і павінен прыступіць да працы з 1 студзеня 2012 года.
Акрамя таго, падпісаны рэгламент працы Еўразійскай эканамічнай камісіі. Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў не выключае, што Еўразійскі эканамічны саюз можа быць створаны да 2015 года.
«Калі паспеюць перадумовы, будзем рухацца хутчэй», - сказаў Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі.
Мядзведзеў адзначыў, што ні адна з краін не будзе мець якой-небудзь перавагі перад іншымі. «Гэта раўнапраўная камісія, яна будзе працаваць, спадзяюся, эфектыўна, а прынцыпы ейнай працы будуць пабудаваныя на рынкавых, дэмакратычных пачатках і, спадзяюся, будуць улічваць лепшы сусветны інтэграцыйны досвед» - сказаў прэзідэнт Расеі.
ЛУКАШЭНКА: ГЭТА БУДЗЕ ЕЎРАЗІЙСКІ САЮЗ
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да 2015 года эканамічная супольнасць Расеі, Беларусі і Казахстана будзе называцца еўразійскі саюз.
«Мы знайшлі, мусіць, правільную фармулёўку («Дэкларацыя аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі»), каб не забягаць наперад да 2015 года. Фармулюючы усе нарматыўна-прававыя акты, якія мы падпісалі і яшчэ падпішам, мы прыйдзем да таго, як будзе ў перспектыве называцца нашая эканамічная супольнасць. Думаю, што гэта будзе Еўразійскі саюз», - сказаў Лукашэнка пасля заканчэння цырымоніі падпісання Беларуссю, Казахстанам і Расеяй дакументаў аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.
Ён адзначыў, што інтэграцыя Беларусі, Казахстана і Расеі будзе ўзмацняцца. Па словах Лукашэнкі, інтэграцыйныя працэсы паміж Расеяй, Казахстанам і Беларуссю не вядуць да ўшчамлення суверэнітэту якой-небудзь з краін.
«Мы дакладна заявілі, што мы не губляем ніякага суверэнітэту, ніхто нікога нікуды не гоніць. Думаю, што Расея нездарма ўжо занадта апраўдваецца ў Бруселя, што яна некага тут «напружвае», - адзначыў кіраўнік.
Ён сказаў, што праект Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі вельмі прывабны і да яго хочуць далучыцца іншыя краіны. «Мы сёння дамовіліся, што для гэтых жадаючых будзе выпрацавана пэўная «дарожная мапа». Заходзьце на гэты ўзровень, праз гэтую планку - прыходзьце, будзем супрацоўнічаць», - сказаў беларускі дыктатар.
Лукашэнка не выключыў, што праект так званай саюзнай дзяржавы «распусціцца» ў адзінай эканамічнай прасторы, але толькі ў тым выпадку, калі інтэграцыйныя працэсы ў АЭП будуць ісці больш хутка, чым у расейска-беларускім саюзе.