13 кастрычнiка 2024, Нядзеля, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ можа ўвесці санкцыі супраць «Белнафтахіма», «Трайпла», «Белтэхэкпарта» і «Беларуськалія»

82
ЕЗ можа ўвесці санкцыі супраць «Белнафтахіма», «Трайпла», «Белтэхэкпарта» і «Беларуськалія»

У Брусэлі вывучаюцца магчымыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

Пра гэта паведамляе бельгійскае выданне Euobserver са спасылкай на дыпламатычную крыніцу. Кіраўнікі амбасадаў краін ЕЗ у Менску ўжо адправілі ў Брусэль папярэдні спіс асоб і прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх разглядаецца магчымасць увядзення новых абмежавальных мер, паведамляе Euobserver.

У гэтым спісе, у прыватнасці, дзяржканцэрн «Белнафтахім», група кампаній «Трайпл», кампанія «Белтэхэспарт» і ААТ «Беларуськалій».

«Гэты спіс яшчэ не знаходзіцца на стадыі рэалізацыі: пакуль ён грунтуецца на сведчаньнях кшталту «ён сказаў/яна сказала». Мы павінныя быць упэўненыя ў тым, што гэтыя кампаніі сапраўды належаць тым людзям, пра якіх мы думаем. Санкцыі ўводзяцца паступова, каб мы маглі аказваць ціск у адказ на развіццё сітуацыі», - цытуе Euobserver еўрапейскага дыпламата.

Брусэльскае выданне адзначае, што новыя санкцыі «павінныя ўдарыць па дзяржаўным бюджэце Лукашэнкі, не прынёсшы крызісу ў далікатную эканоміку краіны».

«Але наўрад ці гэта нанясе страты прыватнаму капіталу Лукашэнкі, які, па чутках, асядае ў расейскіх і ўкраінскіх банках, кампаніях, занятых у рыбным бізнэсе, будаўніцтве і продажы нерухомасці, а таксама на афшорных рахунках у Расеі і адной з краін ЕЗ, - гаворыцца ў артыкуле. - Неабходная сур'ёзная разведвальная аперацыя для таго, каб адсачыць гэтыя грошы. І пакуль ні адна краіна Еўразвяза не гатовая вылучыць сродкі для вырашэння такой задачы».

Спіс можа быць гатовы ўжо да наступнага пасяджэння Рады міністраў ЕЗ па замежных справах, якое пройдзе ў Брусэлі 23 мая.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках