25 красавiка 2024, Чацвер, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Костка: У 2013 годзе могуць прайсці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары

210
Валер Костка: У 2013 годзе могуць прайсці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары

Лёс усіх сілавікоў будзе аднолькавы – ніхто не сыдзе хораша.

І праблема тут адная – няправільна выбудаваная палітычная сістэма, якая хібіць. Так пракаментаваў UDF.BY адстаўку Вадзіма Зайцава былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка.

- Забойства Казака з'яўляецца толькі вонкавым прыкрыццём адстаўкі старшыні КДБ. Карані ляжаць у самой палітычнай сістэме. Хто ўзнімаецца да такіх вяршыняў улады – той ад пачатку выракае сябе на такі сыход. Гэтай сістэме патрэбныя выканаўцы. А выканаўцы – гэта пэўныя людзі, якія або выконваюць палітычны загад, або захоўваюць правы чалавека і закон.

Лёс усіх сілавікоў будзе аднолькавы – ніводзін не сыдзе хораша.

- Чаму?

- Кожны сілавік раней ці пазней паўстае перад выбарам: ці захоўваць закон, ці выконваць палітычны загад. Выконваючы палітычны загад, чалавек ідзе на злачынства. І ўсе гучныя палітычныя адстаўкі звязаныя менавіта з няправільна выбудаванай палітычнай сістэмай, якая хібіць.

- Ці можна ставіць наогул забойства Казака ў дакор ужо былому старшыню КДБ? Бо самагубстваў ўчыняецца процьма і ў МУС…

- Забойства Казака з'яўляецца вонкавай негатыўнай з'явай, якой хаваюць рэальныя прычыны адстаўкі. А нагодай з'яўляецца хутчэй за ўсё тое, што Зайцаў не да канца, не зусім цвёрда, як таго патрабуе сістэма, выконваў патрабаванні гэтай сістэмы.

Я не знаёмы з Казаком, і не цікавіўся прычынамі яго забойства ці самагубства. Інфармацыяй мы не валодаем, таму прэса і «абсмоктвае» гэты выпадак. Напраўду усялякая версія прыдатная да тлумачэння смерці Казака: магчымы ўнутраны канфлікт, або службовы, або фінансавы, сямейны, побытавы…

Я не думаю, што галоўнай нагодай для адстаўкі Зайцава стала забойства Казака. Зайцаву наогул не варта было ўзначальваць КДБ. У гэтай сістэме ў прафесіяналаў, якія ўзважваюць кожнае слова і ўчынак, значна болей шанцаў не дапусціць памылак, чым у непрафесіяналаў. Зайцаў ступіў на міннае поле; адну-дзве міны шчасна прайшоў, на трэцяй – падарваўся.

Але чыннік гэтай адстаўкі адзін – няправільна выбудаваная палітычная сістэма. Я ўжо казаў, што 2013 год адпомсціць Лукашэнку за разгон Вярхоўнага Савету 13 склікання. З няправільна выбудаванай палітычнай сістэмай варта звязваць і магчымую адстаўку ўрада, і адстаўку Зайцава, і імаверныя адстаўкі іншых сілавікоў.

Подых Расеі я ўжо адчуваю. Яна ўжо квапіцца на прэзідэнцкае крэсла ў Беларусі і, думаю, ужо вызначыла тую кандыдатуру, якую будзе прасоўваць у прэзідэнты. Усё ідзе да таго, што ў 2013 годзе можа паўстаць пытанне пра датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Падобна, што падзеі ў наступным годзе будуць разгортвацца менавіта ў гэтым ключы, і змены нас чакаюць у 2013 годзе.

А прыкормленая Лукашэнкам апазіцыя загаварыла пра падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года толькі для таго, каб дэзарыентаваць грамадства і здаровыя сілы, адцягнуць увагу ад змен, якія могуць прыйсці ўжо ў 2013 годзе.

Напісаць каментар 210

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках