Хор з Даніі выканаў беларускую народную песню і захапіў сацсеткі
- 13.10.2026, 12:13
Жаночы ансамбль Konur выканаў яе а капэла ў храме.
У Instagram завірусіўся рылс з выкананнем беларускай народнай песні «Што й па мору» дацкім жаночым хорам Konur. Відэа, дзе дзяўчаты спяваюць яе а капэла ў храме французскага горада Спелонкато, ужо сабраў 1,4 млн праглядаў і сотні захопленых каментароў як ад беларусаў, так і ад замежнікаў, піша Onlíner.
Калектыў спецыялізуецца на шматгалосным выкананні народнай музыкі розных рэгіёнаў свету, у тым ліку Усходняй Еўропы, Грузіі, Карсікі і Балгарыі. Аднак так моцна ў сацсетках «выстраліла» толькі беларуская песня, астатнія відэа ў акаўнце Konur набіралі толькі па некалькі тысяч праглядаў. Вакальным ансамблем з Капенгагена, у якім удзельнічаюць 25 жанчын, кіруе спявачка і кампазітарка Ніні Юлія Банг. Спявачкі выступаюць без нот, надаючы асаблівую ўвагу гучанню галасоў і шматгалоссю.
«Што й па мору» — беларуская народная карагодная песня. У яе тэксце распавядаецца пра зграю белых лебедзяў, што плаваюць па сінім моры, і пра арла, які разганяе птушак. Вобразны сюжэт спалучаецца з паўтаральнымі радкамі, характэрнымі для народнай песеннай традыцыі.
У размове з журналістам Onlíner Ніні Юлія Банг распавяла, што ўпершыню пачула «Што й па мору» ў выкананні польскага ансамбля Laboratorium Pieśni. У той час дачанка жыла ў Польшчы і працавала ў вроцлаўскім тэатры, дзе народныя песні часта бралі за аснову для спектакляў. Ніні кажа, што народная балада падалася неверагодна прыгожай і магутнай — ёй захацелася «вывучыць кампазіцыю, поўную такой сілы і радасці».

— Нам вельмі падабаюцца вобразы, закладзеныя ў гэтай песні: мора, лебедзь, арол, пёры, якія збіраюць, каб зрабіць падушку для каханага. Мы заўсёды спяваем яе з вялікай радасцю. Калі прастора дазваляе, мы ставім барабаншчыцу ў цэнтр, вакол яе выбудоўваюцца два колы спявачак, а мы самі выходзім танцаваць да гледачоў, каб ахінуць іх хваляй энергіі, якую нясе ў сабе гэтая песня.
Выконванне народных песень — гэта дзівосная справа. Я часта думаю пра тых людзей, праз чыё жыццё прайшлі гэтыя песні; мне вельмі хочацца аддаць ім даніну павагі і выканаць усё годна, хоць я заўсёды буду толькі гасцяй, якая так і не пазнала да канца ні мовы, ні культуры. Мы часта гаворым пра песню як пра жывую істоту, якая праходзіць праз нас, — нібыта існуе велізарны акіян народных песень, і нам трэба толькі дазволіць ім цячы праз нас.
Мы глыбока ўдзячныя ўсім, у каго мы вучыліся, і ўсім культурам, чые песні мы выконваем. Народнае спяванне — гэта багатая і старажытная традыцыя, і я спадзяюся, што яна застанецца назаўсёды. У нашу «эпоху экранаў» гэта таксама магутны спосаб аб’яднацца і ўспомніць пра свае карані і продкаў.