26 красавiка 2024, Пятніца, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Чыгір: Запалохваннем эфектыўнасць не павысіш

20
Міхаіл Чыгір: Запалохваннем эфектыўнасць не павысіш

Звальненнямі і запалохваннем кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў сітуацыю ў эканоміцы выправіць не атрымаецца.

Чарговыя звальненні - на гэты раз кіраўнікоў дзяржаўнага канцэрна «Беллегпрам» і вытворчага аб'яднання «Камволь» - і апошнія папярэджанні з боку Аляксандра Лукашэнкі кіраўнікам урада ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» каментуе былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір.

На яго думку, масавыя кадравыя пературбацыі ў дзяржаўным сектары, якія ў апошні час набылі значныя маштабы, досыць спрэчныя:

«Я б не сказаў, што яны настолькі абгрунтаваныя. Чалавек працуе, набывае пэўны вопыт, а тут раптам прызначаюць іншага і, як правіла, зусім з іншай сферы. Пакуль той увойдзе ў курс справы, пакуль разбярэцца, што да чаго, сітуацыя становіцца яшчэ горш. Таму, напэўна, гэта не лепшы варыянт. Натуральна, могуць быць звальненні, але іх не павінна быць так шмат, як у нас у апошні час.

Зразумела, у пэўнай ступені можна казаць пра «эфектыўнасць» такіх мер - пад страхам людзі хутчэй працуюць, чым без страху. Але, як ні круці, вынік будзе не самы лепшы, таму што людзі працуюць праз запалохванне. На жаль, у існуючай сістэме гэта было, ёсць і, мабыць, будзе надалей.

Самае дзіўнае, што ў прынцыпе тыя ж чыноўнікі штосьці могуць сказаць у сваё апраўданне, але казаць не хочуць. Калісьці Багданкевіч казаў, Чыгір казаў, але яны ж з-за гэтага і сышлі. Што крытыкуецца па сутнасці - гэта адно. Але калі нешта не па справе, то трэба пра гэта казаць, а не моўчкі сядзець і канспектаваць, што Лукашэнка кажа. Ён таксама можа памыляцца. А што ён нібыта не памыляецца, то ў гэтым немалая «заслуга» як раз падначаленых. Калі ніхто не пярэчыць, то яму здаецца, што ён ні ў чым не памыляецца».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках