27 красавiка 2024, Субота, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

150 гадоў таму пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага

38
150 гадоў таму пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага

Нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць Расеі пачалося ў Польшчы 22 студзеня, у лютым яно распаўсюдзілася на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны.

У гэты дзень у розных месцах асобныя атрады здзейснілі ўзброеныя напады на рускія гарнізоны. З прычыны дрэннага ўзбраення паўстанцкіх атрадаў і разрозненасці дзеянняў гэтыя першыя сутычкі былі нязначныя.

У першыя дні паўстання пачалі з'яўляцца ў мностве новыя паўстанцкія атрады, а старыя не пераставалі папаўняцца, яно ахоплівала новыя раёны, у паўстанцкіх атрадах усталёўвалася правільная ваенная арганізацыя.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы паўстанне пачалося 1 лютага. Загад аб яго пачатку аддаў Літоўскі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Разгар ваенных дзеянняў падае на лета 1863 года. Паводле афіцыйных данясенняў, у гэты час паўстанцы правялі каля 500 баёў з царскімі войскамі. Расейскія ўлады ўжылі надзвычайныя меры для падаўлення паўстання. Колькасць войскаў на тэрыторыі Польшчы была даведзеная да 160 тысяч салдат. За выдачу паўстанцаў былі абвешчаныя ўзнагароды. Тыя вёскі, якія аказвалі дапамогу паўстанцам, цалкам спальваліся, маёмасць распрадавалася з аўкцыёнаў, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў цэнтральныя рэгіёны Расеі альбо ў Сібір. Дзякуючы рэпрэсіям, уладам удалося падавіць паўстанне.

28 жніўня Польскі нацыянальны ўрад аддаў загад аб спыненні ваенных дзеянняў. Узброеная барацьба ў Беларусі працягвалася яшчэ амаль год. Улетку 1864 года была ліквідаваная апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце.

Удзельнікі паўстання падвергліся бязлітасным рэпрэсіям. Іх сядзібы руйнаваліся, маёмасць канфіскоўвалі. Больш за сотню паўстанцаў былі пакараныя, 800 сасланыя на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек выселеныя, у тым ліку 500 - у Сібір.

Тым не менш, паўстанне прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паўстанне аказала вялікі ўплыў і на ажыўленне рэвалюцыйнага руху як у Расейскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе, а таксама на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, літоўцаў і палякаў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках