20 красавiка 2024, Субота, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па просьбах «Шнобеляў»

64
Па просьбах «Шнобеляў»

Непаспяховы я чалавек. Паўстагоддзя жыву на белым свеце, а яшчэ не сустракаў ніводнага homo sapiens, які б прасіў дзяржаву ўскладніць яму жыццё.

Напэўна, такіх можна знайсці выключна на эшафоце, але гэта наўрад ці спадабаецца нават самым заўзятым аптымістам з кіраўніцтва Беларусі. Калі быць абсалютна сумленнымі, то іх няма нават у схаваных ад людскіх вачэй супершчаслівых Драздах. Бо асабіста я вельмі сумняваюся ў радасных пачуццях чыноўнікаў, якім на мяжы прыйдзецца даказваць, што палітычны шопінг кардынальна адрозніваецца ад звычайнага. Ці яны маюць намер даіць толькі нас?

Дарэчы, наўрад ці там кагосьці наогул можна назваць працаўніком. Калі толькі «абслугоўваючым персаналам». Гаспадары, калі і памяняюць калісьці свой статус, то толькі на кліентаў якіх-небудзь «амерыканак» або «валадарак».

Думаю, у Лукашэнкі ў гэтым плане шансаў крыху больш, чым у мяне, таму мяркую: альбо Лукашэнка стаў (як бы гэта мякчэй выказацца) не зусім адэкватным чалавекам, альбо на меркаванне свайго народа ён «забіў» тое, што вырабляецца на якімсьці інструментальным заводзе.

Ёсць яшчэ і трэці (самы верагодны) варыянт - А.Г. няма куды дзявацца. «Сацыяльна – арыентаваная» эканоміка без ранейшых аб'ёмаў расейскіх падачак стала вельмі падобная на праславуты «трышкаў кафтан». У адным месцы латаюць, у іншым - рвецца.

Ды і з расейскімі падачкамі стала вельмі туга. Яно і зразумела. Адна справа цалавацца з напалову цвярозым дабрадушным Ельцыным, іншае - кантактаваць з былым кэдэбэшнікам Пуціным. Быўшых там, як вядома, не бывае па азначэнні, таму і «мух» вельмі хутка аддзялілі ад «катлет».

Не здзіўлюся, калі ў найбліжэйшы час высветліцца, што беларусы больш не валодаюць сваёй Беларуссю. А нехта яе потым і зусім назаве «іржавай трубой». Менавіта да гэтага ўсё і ідзе. Захацеў, скажам, «Газпром» для таго, каб пабудаваць свой офіс, знесці аўтавакзал - калі ласка. Захацелася яму ўзяць у арэнду цэлы абласны горад - калі ласка. Вырашылі выкупіць для сваіх мерапрыемстваў былы піянерлагер - калі ласка.

Такое ўражанне, што ў дачыненні да тых, у каго ў лішку шалёныя грошы, у цяперашняга кіраўніцтва Беларусі проста няма іншых слоў. І не трэба мець ніякіх ілюзій наконт таго, што аднаго расейскага алігарха заменіць іншы. Падорыць ён Лукашэнку нешта даражэй «Майбаха» і зноў - славянскае сяброўства. Калі аб'яднаць дзве вядомыя прымаўкі, то можна сказаць, што ад перамены месцаў складнікаў у роце не становіцца саладзей.

Зрэшты, праблема не толькі ў канкрэтнай асобе. Праблема ў тым, што некаторых вельмі нават задавальняе тое, што адбываецца навокал.

Калісьці пісьменнік Сяргей Даўлатаў вельмі дакладна прымеціў: «Мы без канца лаем таварыша Сталіна, і, зразумела, за справу. І ўсё ж я хачу спытаць - хто напісаў чатыры мільёны даносаў?»

Менавіта ў нешта падобнае і імкнецца ператварыць беларусаў цяперашняя ўлада. Нават не ў электарат, бо нармальных выбараў у нас няма ўжо вельмі даўно, а ў нешта аморфна- паслухмянае. У той «піпл», які «схавае ўсё».

На жаль, не без «поспехаў». Тыя, хто прыехаў да нас гадоў 20-30 таму, у адзін голас сцвярджаюць: беларусы сталі іншымі. Дакладней - іх спрабуюць зрабіць іншымі. Зайздроснымі і зласлівымі. Нахабнымі і цынічнымі. Такімі ж, як вядомы футбаліст, які калісьці даганяў і подла біў ззаду па нагах тых, хто ў азарце гульні адважыўся да яго дакрануцца.

Балазе такія не ўсе, але разумныя твары «наверсе» сустракаецца ўсё радзей і радзей. Паглядзіце на любую начальніцкую тусоўку. Гэта ж не скажоны інтэлектам тэрарыум. І наблізіць да сваіх стандартаў яны спрабуюць усіх астатніх.

Гэта раней, калі ў чалавека адсутнічаў блат, то для кар'ернага росту яму, па меншай меры, патрэбен быў розум. Цяпер яго замяніла маўклівая лаяльнасць.

Сумна, але факт застаецца фактам. У большасці сваёй наш народ наіўна спадзяецца, што за яго ўсё зробіць нехта іншы. Нехта абурыцца выбарчым падманам, хтосьці выйдзе пратэставаць супраць начальніцкай тупасці, хтосьці пасядзіць у турме і г.д. і т.п.

Пратэстнага патэнцыялу хапае толькі на абурэнне на ўласнай кухні, а аднаго аўтобуса з амапаўцамі дастаткова для ўціхамірвання цэлага прыгранічнага горада з насельніцтвам больш чым у 300 тысяч. Прычым, выдаецца гэтае відавочнае бязмежжа ці ледзь не за дабро. Як і цяпер наконт 100 даляравага маразму. Слухаць жа тых, хто спрабуе яго апраўдаць нейкай логікай, па меншай меры, брыдка.

Ці думаюць яны пра тое, што кажуць? І ці кажуць тое, што думаюць?

Рызыкну выказаць здагадку, што тыя, якія знаходзяцца пры ўладзе спакон веку, выдатна разумеюць, што робяць нешта не вельмі правільнае і, можа быць, менавіта таму словы «пошліна» і «пошласць» так сугучныя.

І яшчэ. Падобна на тое, мара афіцыйных прапагандыстаў аб міжнародным прызнанні «заслуг» беларускага кіраўніцтва нарэшце спраўдзілася. Толькі далі не Нобелеўскую прэмію, пра якую так соладка марыў раптам стаўшы «відушчым» у Піцеры Зімоўскі, а Шнобелеўскую. Магчыма, гэтыя самыя «Шнобелі» і просяць пра штосьці кіраўніцтва краіны, а потым усё выдаецца за «просьбы працоўных»...

Аляксандр Тамковіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках