24 красавiка 2024, Серада, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Нашая сіла - у адсутнасці страху і салідарнасці

1
Алесь Бяляцкі: Нашая сіла - у адсутнасці страху і салідарнасці

Беларускі праваабаронца і былы палітвязень прымае ўдзел у Сусветным праваабарончым форуме.

Мерапрыемства адкрылася 27 лістапада ў Маракешы (Марока), піша сайт ПЦ "Вясна".

Для ўдзелу ў Форуме ў Маракеш з'ехаліся каля васьмі тысяч прадстаўнікоў з пяці кантынентаў. Сярод удзельнікаў адкрыцця Форума выступілі міністр праў чалавека Бразіліі Марыя ду Расарыё Нунес, міністр юстыцыі Марока Мустафа Рамід, былы прэм'ер-міністр Гішпаніі Хасэ Луіс Радрыгес Сапатэра, а таксама старшыня ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі.

Беларускі праваабаронца як нядаўні палітвязень казаў пра важнасць салідарнасці праваабарончай супольнасці ва ўсім свеце.

Прыводзім тэкст выступу Алеся Бяляцкага цалкам:

- Паважаныя сябры!

Я - Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" з Беларусі і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, у якую ўваходзіць амаль дзвесце праваабарончых арганізацый з усяго свету.

Беларускія ўлады асудзілі мяне за праваабарончую дзейнасць і амаль тры гады я правёў у турме. І зараз яшчэ б сядзеў там, калі б ні каласальная міжнародная салідарнасць, якая прымусіла ўлады выпусціць мяне з турмы.

Але мой выпадак не адзінкавы. На ўсіх кантынентах, у розных кутках свету, у багатых і бедных краінах, ідзе пастаянная барацьба за свабоду і правы чалавека. Яна не спыняецца ні на хвіліну, таму што заўсёды ёсць людзі, якія хочуць зрабіць гэты свет лепш. За сваю мару часам даводзіцца плаціць вялікую цану.

У маім рэгіёне былых постсавецкіх краін у праваабаронцаў усё менш магчымасцей для працы. Усё цяжэй і небяспечней адстойваць правы чалавека. Расея развязала вайну супраць Украіны, у выніку - тысячы забітых, мільёны бежанцаў. А калі гаворыць зброя - правы чалавека адыходзяць на далёкі план.

Сітуацыя для праваабаронцаў у асобных краінах асабліва трагічная.

У Расеі праваабаронцаў забіваюць; у Беларусі садзяць у турму ці выганяюць з краіны; у Кыргызстане праз ілжывыя абвінавачванні асуджаны на пажыццёвае зняволенне Азімжан Аскараў; выбітныя праваабаронцы Лэйла Юнус, Інтыгам Аліеў і дзясяткі іх калегаў і журналістаў знаходзяцца ў турмах Азербайджана; Саліджон Абдурахманаў, Дзілмурод Саідаў, Азам Тургунаў у ліку іншых праваабаронцаў кінутыя ў турмы Узбекістана.

І гэты спіс - ахвяр і герояў у адной асобе - можна прадаўжаць і прадаўжаць.

Аўтарытарныя дыктатуры адкрыта ваююць з праваабаронцамі, абвінавачваючы ва ўсіх грахах, залічваючы нас у злачынцы. Усё менш прасторы застаецца для развіцця грамадства. Закон замест таго, каб абараняць, часта выкарыстоўваецца для абмежавання праў і свабод, для рэпрэсій супраць грамадзянскіх актывістаў.

Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў выкліканыя жаданнем улад схаваць праўду, адысці ад надзённых праблем. Мы - як лакмусавая паперка, якая паказвае ўзровень беспакаранасці ўлад, адсутнасць прававой дзяржавы, недахопы судовай сістэмы, узровень карупцыі.

Улады хочуць прымусіць праваабаронцаў маўчаць. Але мы змагаемся супраць страху і абыякавасці ў грамадстве. Мы змагаемся з прычынамі парушэнняў праў чалавека. Мы не хочам жыць у хлусні, мы гатовыя шматлікім рызыкаваць, каб гучала праўда.

Мара чалавека зрабіць гэты свет лепш - непераадольная. Амаль 70 гадоў таму, у 1948 годзе, была прынятая Усеагульная дэкларацыя праў чалавека. Тады пасля вайны паўсвету ляжала ў руінах, існавала каланіяльная сістэма, а ў Савецкім Саюзе і ў Кітаі панавалі крывавыя дыктатуры. Але бурацца імперыі, падаюць непахісныя рэжымы, а ідэі праў чалавека, важныя і каштоўныя для ўсіх людзей, авалодваюць усім светам.

Нашая сіла, сіла "бяссільных" - так калісьці чэшскі прэзідэнт і праваабаронца Вацлаў Гавэл назваў дысідэнтаў і праваабаронцаў - складаецца ў адсутнасці страху і салідарнасці.

Дарагія сябры, давайце праяўляць салідарнасць! Давайце трымацца разам! Давайце не закрываць вочы! І тады нам будзе лягчэй змяніць гэты свет да лепшага!

2-ы Сусветны праваабарончы форум праходзіць у Маракешы з 27 па 30 лістапада. У ім бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў, міністры, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый, актывісты і прадстаўнікі медыя. У рамках Форуму арганізуюцца воркшопы і кірмаш, прысвечаная сацыяльна арыентаванай эканоміцы і эканоміцы салідарнасці, а таксама культурныя мерапрыемствы. Вынікі Форуму, які складаецца з некалькіх тэматычных блокаў, будуць прадстаўленыя на заключнай канферэнцыі, якую, як чакаецца, наведаюць прадстаўнікі праваабарончых механізмаў ААН і міжнародных праваабарончых арганізацый. Упершыню Форум прайшоў у снежні 2013 года ў сталіцы Бразіліі горадзе Бразіліа, дзе бралі ўдзел у асноўным прадстаўнікі краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках