Пётр Парашэнка: Перамір'е можа быць спыненае датэрмінова
34- 24.06.2014, 22:34
- 34,402
Прэзідэнт Украіны аддаў загад кіраўнікам сілавых структур распачынаць агонь у адказ на атакі з боку баевікоў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Пятра Парашэнкі.
"24 чэрвеня баевікі, насуперак уласным абяцанням выконваць рэжым спынення агню, дадзеных у Данецку на сустрэчы з прадстаўнікамі Трохбаковай кантактнай групы, збілі гелікоптэр Узброеных сіл Украіны, у выніку чаго загінулі 9 чалавек. З моманту абвяшчэння мірнага плана прэзідэнта тэрарысты 35 разоў распачыналі агонь па ўкраінскіх вайскоўцах", - гаворыцца ў паведамленні.
Кіраўнік украінскай дзяржавы аддаў загад "без ваганняў распачынаць агонь у адказ".
"Прэзідэнт не выключае, што рэжым спынення агню можа быць скасаваны датэрмінова, прымаючы пад увагу сталае яго парушэнне кантраляванымі звонку баевікамі", - падкрэслівае прэс-служба.
Акрамя таго, Парашэнка спадзяецца на правядзенне 25 чэрвеня чатырохбаковай тэлефоннай канферэнцыі пры ўдзеле канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.