20 верасня 2026, Нядзеля, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зацверджаны канчатковы спіс кандыдатаў у прэзідэнты Украіны

3
Зацверджаны канчатковы спіс кандыдатаў у прэзідэнты Украіны
ФОТА: ЛЕВЫ БЕРАГ

У канчатковым спісе кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы - 39 прозвішчаў.

Цэнтральная выбарчая камісія Украіны ўхваліла выбарчы бюлетэнь для галасавання на выбарах прэзідэнта краіны, якія пройдуць 31 сакавіка. У канчатковым спісе кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы - 39 прозвішчаў, паведамляе gordonua.com.

На пасяджэнні ЦВК былі таксама зацверджаныя форма і тэкст бюлетэня для паўторнага галасавання, якое будзе праведзенае 21 красавіка ў выпадку неабходнасці.

Другі тур адбудзецца, калі ніводны з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў выбарцаў. У ім возьмуць удзел два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў у першым туры. Палітолагі ацэньваюць імавернасць другога тура як вельмі высокую.

Выбарчая кампанія ва Украіне стартавала 31 снежня 2018 года. Першапачаткова на пасаду прэзідэнта прэтэндавала 44 кандыдаты.

1 сакавіка мэр Львова Андрэй Садовы зняў сваю кандыдатуру з выбараў на карысць былога міністра абароны і лідара партыі «Грамадзянская пазіцыя» Анатоля Грыцэнкі. Ён патлумачыў гэта жаданнем «дамагчыся перамогі аб'яднанага кандыдата ад дэмакратычных сіл». Раней сацыёлагі адзначалі, што ў такога кандыдата ёсць шанцы прайсці ў другі тур.

7 сакавіка, у апошні дзень перад сцвярджэннем канчатковага спісу кандыдатаў у прэзідэнты, сваю кандыдатуру з выбараў зняў дэпутат Вярхоўнай рады і лідар партыі «Нашы» Яўген Мураеў. Ён адмовіўся балатавацца на карысць намесніка старшыні парламенцкай фракцыі «Апазіцыйны блок» Аляксандра Вілкула. Палітычныя апаненты называлі абодвух кандыдатаў прадстаўнікамі прарасейскіх сілаў.

Таксама свае кандыдатуры з выбараў прэзідэнта Украіны знялі кіраўнік партыі «Народны кантроль» Дзмітрый Дабрадомаў, кандыдат ад партыі «Сіла людзей» Дзмітрый Гнап і намеснік камандзіра Сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны Сяргей Крыванос. Апошні зрабіў гэта на карысць дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі.

Паводле апошніх апытанняў украінскага цэнтра сацыяльных даследаванняў «Сафія», з тых рэспандэнтаў, хто дакладна збіраецца прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах і вызначыўся са сваім кандыдатам, 20,3 адсоткаў гатовыя падтрымаць шоўмэна Уладзіміра Зяленскага, 13,9 адсоткаў - лідара партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнку , і 13,1 адсоткаў - Пятра Парашэнку. На гэты момант гэта тройка лідараў перадвыбарнай гонкі. За імі ідуць Юрый Бойка, Анатоль Грыцэнка і Алег Ляшко.

У сваю чаргу, дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, якая знаходзілася ў Кіеве з 6 да 8 сакавіка для ацэнкі перадвыбарчага клімату ва Украіне, адзначыла, што агульная абстаноўка ў краіне падыходзіць для правядзення дэмакратычных выбараў, а Цэнтральная выбарчая камісія Украіны дзейнічала прафесійна і добра іх падрыхтавала. Тым не менш дэлегаты выказалі занепакоенасць паведамленнямі аб стварэнні некаторымі кандыдатамі сістэм подкупу выбарцаў, злоўжываннямі адміністрацыйным рэсурсам і, як гаворыцца ў паведамленні, ангажаванасці «алігархічных СМІ».

Таксама ў ПАРЕ раскрытыкавалі лішак кандыдатаў у прэзідэнты і мясцовых назіральнікаў, назваўшы канчатковы спіс прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы «беспрэцэдэнтна вялікім». На думку дэлегатаў, гэта можа абцяжарыць правядзенне галасавання і выклікаць праблемы ў дзень выбараў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках