19 красавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Напружанасць і няўпэўненасць стварае ў нас сама дзяржава

5
Генадзь Фядыніч: Напружанасць і няўпэўненасць стварае ў нас сама дзяржава

Незалежны прафзвяз РЭП адкрыты для медыкаў.

Медыцынскія работнікі, якія змагаюцца сёння з эпідэміяй каранавіруса ў Беларусі, аказваюцца пад агнём з усіх бакоў: цяжкія ўмовы працы, недахоп сродкаў абароны, нізкія заробкі, піша praca-by.info. У той жа час Лукашэнка нападае на іх за тое, што медыкі нібыта самі вінаватыя ў распаўсюдзе хваробы, грамадства папракае медыкаў у тым, што яны маўчаць, не распавядаюць праўду пра сітуацыю, а ўлада цісне на тых, хто кажа праўду і скардзіцца на праблемы. Што рабіць?

Лідар Беларускага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч звярнуўся да медыцынскіх работнікаў краіны:

- Сёння на фронце барацьбы з каранавірусам у самых першых шэрагах знаходзяцца нашы медыкі. За гэта ім наша вялікая павага і падзяка. Натуральна, што многія сутыкаюцца з праблемамі. Многія адчуваюць неспакой і страх не толькі захварэць, але і страціць працу, зазнаць ціск і нават, як мы ўжо бачылі, арышт. Гэтую сітуацыю нельга лічыць нармальнай. Але напружанасць і няўпэўненасць стварае ў нас сама дзяржава. Я перакананы, што калі б увялі няхай не жорсткі карантын як у іншых краінах, але хаця б масачны рэжым - у паліклініцы, у краме, у банку, у грамадскім транспарце, у медыкаў было б менш працы. На жаль, такія элементарныя захады, якія не патрабуюць нават спецыяльных выдаткаў, свядома ігнаруюцца ўладай. Калі б Міністэрства аховы здароўя давала рэальныя лічбы захворвання і смяротнасці, нічога страшнага не здарылася б, не было б ніякай панікі. Наадварот, людзі сталі б больш асцярожнымі, не падвяргалі б лішні раз небяспецы сябе і навакольных. Але ўлада гэтага не робіць.

Медыцынскія работнікі працуюць сёння ў экстрэмальных умовах, якія не падпадаюць ні пад якое працоўнае заканадаўства. Тут ёсць маса парушэнняў. Гэта і праца звыш нормы, і стомленасць, і псіхалагічная нагрузка, стрэс. Але на ўсё гэта фактычна ніхто не звяртае належнай увагі. Кажуць пра нейкія даплаты. А ці будуць гэтыя даплаты для ўсіх і ў тых аб'ёмах, якія былі абяцаныя?

Ці атрымаецца як з заробкамі тым жа медыкам, калі змянілі тарыфы?

Таму сёння я звяртаюся да ўсіх медыцынскіх работнікаў Беларусі. Калі ў вас узнікаюць якія-небудзь пытанні ці праблемы, звязаныя з вашымі цяжкасцямі, ці ідзе гаворка пра ахову працы, выплаты, ціск адміністрацыі і г. д., вы заўсёды можаце бясплатна атрымаць кансультацыю ў нашым прафзвязе РЭП. Зазірніце на наш сайт, паглядзіце бюлетэнь прафзвязу «Працоўная Салiдарнaсць», пашукайце нас у сацыяльных сетках. Там вы знойдзеце тэлефоны не толькі Менскага офіса, але і іншых гарадоў, усіх абласных цэнтраў. Звяртайцеся, і вы атрымаеце кваліфікаваную кансультацыю і дапамогу юрыстаў.

Хоць звычайна мы аказваем дапамогу сябрам прафзвязу, але цяпер, у сітуацыі пандэміі, прафзвяз пойдзе насустрач і акажа бязвыплатна неабходную юрыдычную дапамогу ўсім тым медычным работнікам, хто звярнуўся.

Акрамя таго, і медыкі, і дзяржава, і ўсе наймальнікі павінны ведаць, што Міжнародная арганізацыя працы зусім нядаўна выступіла з канкрэтнымі і жорсткімі рэкамендацыямі для ўсіх краін, уключаючы Беларусь. У іх, у тым ліку, гаворыцца пра права працаўнікоў спыніць працу, калі яе ўмовы ствараюць непасрэдную і сур'ёзную небяспеку жыццю і здароўю. Працадаўцы павінны памятаць, што сёння яны абавязаны інфармаваць людзей пра небяспеку, падаваць неабходныя на працоўным месцы сродкі для абароны жыцця і здароўя людзей - касцюмы, маскі, пальчаткі і, калі іх недастаткова, - своечасова вырашаць гэтыя праблемы.

Пра гэта маўчаць нельга. Памерці заўсёды паспеем, а вось ці паспеем нармальна пажыць пры гэтай уладзе - гэта яшчэ пытанне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках