21 траўня 2024, aўторак, 0:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Засталося памяняць даляры»

8
«Засталося памяняць даляры»

Комік паказаў у TikTok прадуктовы кошык «сапраўднага беларуса».

Менскі стэндапэр Жэня Буракевіч нядаўна апублікаваў у TikTok відэа пра нацыянальную асаблівасць стэрэатыпнага беларуса – стаяць уначы на пустой вуліцы і чакаць зялёнае святло, каб перайсці дарогу. Цяпер ён зняў новы ролік – пра пяць прадуктаў у кошыку, з якіх можна беспамылкова пазнаць жыхара нашай краіны. Але з выбарам блогера пагадзіліся не ўсе, піша «Люстэрка».

Стэндапер скіраваўся ў адну са сталічных крамаў і ўзяў з паліцаў «пяць прадуктаў, каб выглядаць як беларус».

Калі верыць ягонаму выбару, у кошыку сапраўднага жыхара Беларусі абавязкова павінны быць бабруйскі зефір, рагачоўская згушчонка, чыпсы Mega Chips у прамавугольнай скрынцы, шкарпэткі ў бляшанцы ад Берасцейскага панчошнага камбіната і мясныя падушачкі ад Берасцейскага мясакамбіната.

– Кошык беларуса гатовы. Засталося памяняць даляры, – рэзюмаваў аўтар роліка.

Каментатары ў асноўным ухвалілі ягоны набор нацыянальных прадуктаў, аднак практычна ва ўсіх знайшлася хоць бы адна заўвага.

Так, сёй-той звярнуў увагу, што блогер аддаў перавагу рагачоўскай згушчонцы не менш папулярнай за глыбоцкую, якая стаяла на суседняй паліцы. Зрэшты, ён і сам прызнаў, што на гэтым моманце «страціць палову аўдыторыі».

Іншыя мяркуюць, што Буракевіч несправядліва абышоў увагай іншыя вядомыя беларускія прадукты.

«Без сырка місія праваленая», – так гучыць самы папулярны каментар, а некаторыя карыстальнікі прыняліся называць улюбёныя маркі гэтага прадукту.

Таксама блогеру раілі абраць: лідскі квас, гель для душа ад «Беліты», селядзец «Матыяс», цукеркі «Сталічныя», шакалад «Спартак», яйкі «Маладзецкія» і, зразумела, бульбу.

«Дзе кілаграм бульбы на дранікі?» – спытала адна падпісчыца. Ёй на гэта адказалі, што бульбачка не набываецца – «яна бярэцца ў дзеда ўнука па лініі сабакі ўзамен на тое, што ўлетку прыедзеш дапамагчы ў агародзе».

А іншая карыстальніца, наадварот, падзякавала аўтару роліка за ігнор бульбы: «Падза**алі пагардлівыя, здзеклівыя жарты пра бульбу і беларусаў».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках