Што хаваюць пра сустрэчы Лукашэнкі з экзатычнымі гасцямі
16- 28.01.2026, 16:26
- 27,758
Не ўсё так чыста, як спрабуе паказаць рэжым.
У 2025-м Лукашэнка правёў некалькі экзатычных сустрэч і візітаў, змест якіх дзяржаўная прапаганда тлумачыла даволі туманна. Што наводзіла на думку, што там не ўсё чыста, піша «Салідарнасць».
М'янма

Мінулым годам Лукашэнка моцна ўклаўся ў адносіны з гэтай беднай краінай пад кіраваннем небедных кіраўнікоў.
Кіраўнік ваеннай хунты М'янмы Мін Аун Хлайн двойчы за год (!) прылятаў у Мінск: у сакавіку — з асобным паўнавартасным візітам, у чэрвені — зазірнуў на саміт ЕАЭС. Лукашэнка нанёс візіт у М'янму напрыканцы лістапада (на фота).
Такая актыўнасць у адносінах выглядала дзіўнай, з улікам таго, што М'янма на фоне грамадзянскай вайны загрузла ў галечы і эканамічным развіццём не адрозніваецца.
Аднак расследаванне праваабарончай ініцыятывы Justice For Myanmar многае тлумачыць: Беларусь пастаўляе М'янме сістэмы СПА і навучае супрацоўнікаў прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу.
Лівія

У лютым у Мінск завітаў галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміі Халіфа Белкасім Хафтар (на фота), пад кантролем якога знаходзіцца адна з частак краіны, дзе ідзе грамадзянская вайна.
На сустрэчы з ім, акрамя Лукашэнкі, прысутнічалі міністр абароны Віктар Хрэнін і кіраўнік КДБ Іван Цяртэль.
А ў кастрычніку Лукашэнка ўжо прымаў у сябе сына Хафтара — Саддама Халіфу, намесніка галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміі.

Лівійскія СМІ пісалі, што абмяркоўваліся пастаўкі зброі.
Інданезія

У чэрвені ў Мінск нечакана завітаў прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта. Ён размаўляў з Лукашэнкам у яго доме амаль тры гадзіны. Што канкрэтна абмяркоўвалі палітыкі — прэс-служба кіраўніка Беларусі так і не патлумачыла.
Затое пра гэта напісала французскае выданне Intelligence Online: візіт быў звязаны з жаданнем набыць у Беларусі зброю пасля таго, як гэта не атрымалася зрабіць у Францыі.
Таксама нечакана ў снежні ў Інданезіі аб'явіўся Дзмітрый Лукашэнка. Сын кіраўніка, які не мае пасадаў у ўрадзе, нібыта абмяркоўваў там сельскую гаспадарку і інвестыцыі…
Афіцыйна пра гандаль зброяй з гэтымі дзяржавамі кіраўнік Беларусі не сказаў ні слова. Аднак уся наяўная інфармацыя намякае на тое, што менавіта гэтым і быў актыўна заняты Лукашэнка ў 2025-м.
Лукашэнку даўно называюць «вопытным гандляром зброяй». Але які сёння рэальны маштаб ваеннага супрацоўніцтва яго рэжыму з іншымі краінамі, пакуль застаецца толькі здагадвацца.