Гомельскія ідэолагі прыдумалі «сямейны» спосаб бясплатнай працы
1- 11.10.2026, 18:37
Удзельнікаў конкурсу маладых сем’яў абавязалі праводзіць працоўныя акцыі.
На Гомельшчыне абвясцілі чарговы конкурс на лепшую маладую сям’ю рэгіёна: спачатку праводзяць раённыя адборачныя этапы, у снежні — абласны фінал. Такую «папулярызацыю традыцыйных каштоўнасцяў» і «павышэнне прэстыжу сям’і як найважнейшага сацыяльнага інстытута» ідэолагі праводзяць з 2008 года. Але нядаўна, як звярнуў увагу «Флагшток», з’явіўся цікавы нюанс.
З мінулага года ўдзельнікам ужо недастаткова адпавядаць крытэрыям маладой сям’і (хаця б адзін з мужа і жонкі маладзейшы за 31 год), быць у першым шлюбе, выхоўваць дзяцей і не парушаць маральна-этычныя ўстоі — прасцей кажучы, не мець за плячыма крымінальнай справы, а таксама каб дзеці не стаялі на прафілактычным уліку. Даведка з УУС і характарыстыка ад ідэолага з прадпрыемства — само сабой.
Цяпер жа ёсць яшчэ адна абавязковая ўмова: правесці ў сваім населеным пункце працоўную акцыю «Для цябе, мая Радзіма». Пры гэтым пра добраўпарадкаванне і навядзенне парадку трэба абавязкова адрапартаваць у відэафармаце.

Журы будзе глядзець, ацэньваць і ўлічваць удзел усіх чальцоў сям’і, маштаб і выдаткі на правядзенне акцыі, прыцягненне да яе жыхароў населенага пункта. А вынікі абвяшчаюцца толькі на абласным фінале.
Праўда-слова, гомельскім ідэолагам можна толькі апладзіраваць. У вобласці — 21 раён, плюс горад абласнога падпарадкавання. Калі ў кожным з іх будзе хаця б па тры сям’і-ўдзельніцы — разам 66.
То-бок, 66 «працоўных акцый» па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. І ўсё гэта для раённых, а тым больш абласнога бюджэту — не каштуе роўным рахункам нічога.
Калі ўдзельнікаў будзе больш (напрыклад, у 2025 годзе толькі Чыгуначны раён Гомеля прадстаўлялі 6 сем’яў) — адпаведна, больш выгадаў для раённых і абласной адміністрацыі.
А вось прызы пераможцам (напрыклад, Савецкі раён Гомеля набыў 20 падарункавых сертыфікатаў па 1000 рублёў) і іншыя выдаткі можна аплачваць і не з мясцовага бюджэту, за кошт «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам РБ», што прама прапісана ў палажэнні конкурсу. Як ні паглядзі, адны плюсы.
І з аднаго боку, без іроніі: гэта выдатны разлік, што праз пачуццё супрычынёнасці, праз зробленае ўласнымі рукамі, людзі будуць больш цаніць і берагчы.
Так і леташнюю кладку пліткі настаўнікамі і школьнікамі, і пазапланавыя суботнікі можна падаць не як прымусовую працу, а як удалое кіраўнічае рашэнне.
Але з другога боку — слізкая гэта дарожка. Бо вядзе яна да ўмацавання лакальных супольнасцяў і мясцовага самакіравання. А калі яно набярэ моц, людзі захочуць, каб з іх меркаваннем лічыліся. Пачнуць задаваць нязручныя пытанні, куды ідуць іх падаткі, як менавіта расходуецца раённы бюджэт і ці патрэбныя ў адміністрацыі чыноўнікі, ад якіх добраўпарадкавання не даб’ешся, пакуль сам не зробіш…
Як — страшна сказаць — пры дэмакратыі.