29 кастрычнiка 2026, Чацвер, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, як будуць браць адбіткі пальцаў у беларусаў з замежнымі відамі на жыхарства і пашпартамі

3
Стала вядома, як будуць браць адбіткі пальцаў у беларусаў з замежнымі відамі на жыхарства і пашпартамі
Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка падпісаў указ.

З'явілася ўдакладненне, як будуць браць адбіткі пальцаў у грамадзян з замежнымі пашпартамі і відамі на жыхарства, а таксама ў некаторых беларусаў, якія пастаянна жывуць за мяжой. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 28 кастрычніка, паведамляе «Зеркало».

Паводле дакумента, накіраванні на абавязковую дактылоскопію будуць выдаваць пры звароце грамадзян у органы ўнутраных спраў або ў Міністэрства замежных спраў, у тым ліку для атрымання або абмену дакументаў, што сведчаць асобу.

Адбіткі пальцаў будуць браць тэрытарыяльныя органы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па месцы звароту. Пасля праходжання працэдуры чалавеку ў той жа дзень павінны выдаць даведку.

Новыя правілы датычацца беларусаў ва ўзросце ад 14 да 74 гадоў уключна, якія атрымалі замежнае грамадзянства, від на жыхарства або «іншы дакумент замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю».

Паводле трактоўкі МЗС, такім дакументам, у прыватнасці, з'яўляецца Карта паляка.

Беларусы абавязаныя паведамляць у органы ўнутраных спраў або ў дыпламатычную службу пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства або іншага прадугледжанага законам замежнага дакумента на працягу трох месяцаў пасля яго атрымання.

Таксама дактылоскопію павінны будуць праходзіць тыя, хто афіцыйна аформіў пастаяннае пражыванне за мяжой і стаў на кансульскі ўлік у беларускім пасольстве або консульстве.

Працэдуру будуць праводзіць на тэрыторыі Беларусі. Адпаведны пункт указа ўступіць у сілу 1 ліпеня 2027 года.

Дакумент таксама ўдакладняе парадак дактылоскопіі вайсковаабавязаных. Ваенкаматы будуць перадаваць іх спісы ў органы ўнутраных спраў, якія праз Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз правераць, ці здавалі гэтыя людзі адбіткі пальцаў. Калі такіх звестак няма, міліцыя арганізуе працэдуру.

Нагадаем, абавязковую дактылоскопію для пералічаных катэгорый беларусаў ва ўзросце ад 14 да 74 гадоў уключна прадугледзелі яшчэ ў лютым 2026 года. Тады быў прыняты закон № 130-З, які вызначыў, хто павінен здаваць адбіткі пальцаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲