Яшчэ адна буйная крыптабіржа сыходзіць з Беларусі
1- 30.10.2026, 11:14
Карыстальнікам дадуць час, каб закрыць пазіцыі і вывесці актывы.
Крыптавалютная біржа KuCoin 29 кастрычніка абвясціла пра спыненне абслугоўвання карыстальнікаў з Беларусі і Расіі. Абмежаванні ўжо ўступілі ў сілу і распаўсюджваюцца на ўсе прадукты, паслугі і функцыі платформы.
У KuCoin патлумачылі рашэнне неабходнасцю выконваць дзеючыя заканадаўчыя і рэгуляторныя патрабаванні. Якія менавіта нормы сталі прычынай абмежаванняў, кампанія не ўдакладніла.
Пры гэтым біржа абяцае забяспечыць карыстальнікам, якіх закрануць змены, магчымасць закрыць гандлёвыя пазіцыі і вывесці свае актывы.
«Калі змены закрануць ваш уліковы запіс, вы атрымаеце апавяшчэнне з адпаведнымі тэрмінамі і інструкцыямі па яго закрыцці», — паведамілі ў KuCoin.
Калі карыстальнік не атрымаў такога апавяшчэння, ніякіх дзеянняў прадпрымаць не патрабуецца. Пры гэтым на яго ўліковы запіс па-ранейшаму распаўсюджваюцца ўмовы карыстання KuCoin і дзеючыя абмежаванні.
Нагадаем, 20 кастрычніка іншая крыптавалютная біржа — MEXC — абвясціла пра спыненне абслугоўвання карыстальнікаў з Беларусі і Расіі. Тады кампанія таксама заявіла, што абмежаванні закрануць толькі тых, хто атрымае індывідуальныя апавяшчэнні з указаннем тэрмінаў і парадку вываду актываў.
Яшчэ раней, у сярэдзіне кастрычніка, крыптабіржа Bitget уключыла Беларусь і Расію ў спіс забароненых краін. Карыстальнікаў папярэдзілі пра спыненне прыёму новых гандлёвых заяў і неабходнасць закрыць пазіцыі і вывесці актывы.