Індыя адмовіла Пуціну
3- 31.10.2026, 18:38
- 2,462
Бязвізу з РФ не будзе.
Перамовы, якія цягнуліся з канца 2010-х, аб бязвізавым рэжыме паміж Расіяй і Індыяй зайшлі ў тупік.
Праца над пагадненнем, якое лабіяваў Пуцін і якое прадугледжвала бязвізавыя паездкі турыстычных груп, прыпыненая, паведаміў ТАСС кіраўнік консульскага дэпартаменту МЗС РФ Аляксей Клімаў.
«Распрацоўка такога пагаднення першапачаткова была нетрывіяльнай задачай з улікам таго, што заключэнне міжнародных дагавораў на тэму групавых бязвізавых паездак грамадзян нашымі індыйскімі партнёрамі раней не практыкавалася», — патлумачыў дыпламат.
Магчымасць адмены віз паміж Расіяй і Індыяй Уладзімір Пуцін абмяркоўваў з індыйскім прэм’ерам Нарэндрай Модзі яшчэ ў 2019 годзе, піша The Moscow Times). Пасля пачатку вайны з Украінай, калі Індыя стала буйным пакупніком расійскай нафты, а заходнія краіны ўвялі візавыя абмежаванні для расіян, Пуцін заклікаў Модзі актывізаваць працу над гэтым пытаннем. У 2023 годзе Мінэканомразвіцця РФ накіроўвала Індыі прапанову аб запуску такога механізму па аналогіі з Кітаем і Іранам. Кіраўнік ведамства Максім Рэшэтнікаў заяўляў тады, што «ідзе прапрацоўка» гэтага пытання па дыпламатычных каналах.
У пачатку снежня 2025-га пасля візіту прэзідэнта РФ у Індыю Модзі паведамляў, што ў найбліжэйшы час пачнецца шлях да забеспячэння бязвізавага рэжыму для турыстычных груп дзвюх краін тэрмінам да 30 дзён. У канцы месяца пасол Індыі ў Расіі Вінай Кумар заяўляў, што ўжо «ідуць падрыхтоўкі, звязаныя з лагістыкай і зменамі ў сістэме».
Вясной 2026 года стала вядома, што Масква спадзяецца заключыць пагадненне аб бязвізавым рэжыме для турыстычных груп ад трох да 50 чалавек з тэрмінам знаходжання да 21 дня. У Мінэканомразвіцця скардзіліся, што працэс рухаецца «не так хутка, як хацелася б», і тлумачылі затрымку складанымі міжведамаснымі ўзгадненнямі ў Індыі.
Кошт аднаразовай папяровай індыйскай візы для расіян складае 3 465 рублёў, двухразовая абыдзецца ў 7 492 рублі, а шматразовая — у 9 909 рублёў. Электронная віза на тэрмін да 30 дзён афармляецца бясплатна.
Мінулым годам паток турыстаў паміж Індыяй і РФ дасягнуў 143 тыс. паездак, што на 15% больш за паказчык 2024 года. У першым паўгоддзі 2026-га аб’ём паездак павялічыўся на 8%. Расію наведалі звыш 25 тыс. індыйскіх турыстаў, паведамляла ў верасні Мінэканомразвіцця.