CBS: У Расіі разгараецца скандал з-за таямнічай успышкі чумы
- 6.10.2026, 10:19
- 2,844
Улады спрабуюць замяць сітуацыю.
Урад Расіі працягвае памяншаць заклапочанасць, выкліканую паведамленнямі СМІ пра тое, што жанчына-навукоўца ў Сібіры магла памерці ў выніку заражэння чумой пасля аварыі ў лабараторыі.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў падкрэсліў, што дзяржаўная служба нагляду ў сферы аховы здароўя, вядомая як Роспотребнадзор, з'яўляецца «профільным ведамствам з экспертызай у гэтай галіне», і заклікаў расіян «прыслухацца да афіцыйнай інфармацыі» ад яго «высокакваліфікаваных спецыялістаў», піша CBS News.
Загінулая даследчыца была ідэнтыфікаваная расійскімі СМІ як 28-гадовая Дар'я Шыпілава, якая працавала ў Іркуцкім супрацьчумным інстытуце — больш як за 4000 кіламетраў на ўсход ад Масквы. Першапачаткова паведамлялася, што ў канцы верасня яна разбіла прабірку з бактэрыямі чумы, у яе развілася цяжкая пнеўманія, і ўрэшце яна памерла ад хваробы.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што яна памерла ад цяжкай пнеўманіі ў ноч на 2 кастрычніка.
Чума ў Іркуцку — якія дэталі вядомыя
Бактэрыя чумы, пра якую ідзе гаворка ў паведамленнях, — гэта Yersinia pestis, тая самая, што выклікала «Чорную смерць», якая пракацілася па Еўропе ў сярэдзіне 1300-х гадоў і забрала, паводле ацэнак, ад 25 да 50 мільёнаў жыццяў.
Гэтая пандэмія, якую часта называюць бубоннай чумой, перадавалася праз блох, што жылі на грызунах і іншых жывёлах, якія знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці да людзей — у тых жа змрочных санітарных умовах.
Гэты патаген без лячэння можа выклікаць ацёкі, ліхаманку і смерць.
Паводле расійскіх СМІ, Шыпілава памерла ад лёгачнай чумы, якую выклікае тая ж бактэрыя, але яна паражае лёгкія і выклікае ліхаманку і кашаль, які можа стаць крывяністым. Лёгачная чума, у адрозненне ад бубоннай, можа перадавацца ад чалавека да чалавека і таксама можа быць смяротнай.
Кіраўнік усходняй расійскай Рэспублікі Бурація Аляксей Цыдэнаў спачатку заявіў у дзяржаўным мэсенджары MAX, што Шыпілава памерла ад чумы. Пазней ён адрэдагаваў пост, дадаўшы слова «магчыма», гаворыцца ў матэрыяле.
Ён быў не адзіным чыноўнікам, які хутка «пераабуўся»
Мясцовыя чыноўнікі спачатку папярэджвалі людзей не наведваць горад Шэлехаў, дзе навуковіца была шпіталізаваная і пазней памерла, спасылаючыся на «неафіцыйную інфармацыю» пра выпадак заражэння чалавека чумой.
Пост быў выдалены менш чым праз дзве гадзіны. Ад таго часу расійскі Роспотребнадзор паведаміў, што правёў «проціэпідэмічныя мерапрыемствы», якія ўключалі тэставанне амаль 200 чалавек, што кантактавалі з Шыпілавай.
Ведамства паведаміла, што ў некаторых людзей былі станоўчыя тэсты на прастуду або COVID, але ніякіх патагенаў, якія выклікаюць небяспечныя інфекцыі, выяўлена не было. Там таксама заявілі, што ў Іркуцкім супрацьчумным інстытуце не было ніякай аварыі, а прычыну смерці навуковіцы назвалі «пнеўманіяй невядомага паходжання», піша СМІ.
Прадстаўнік СААЗ заявіў, што, зыходзячы з наяўнай неафіцыйнай інфармацыі, рызыка для здароўя шырокай грамадскасці ўяўляецца нізкай.
ЗША пацвярджаюць тое, што адбылося
Выступаючы перад журналістамі, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіо заявіў, што паведамленні пра меркаваны выпадак чумы ў Расіі — не падстава для трывогі, а «падстава для ўвагі».
«Мы, відавочна, ведаем тое, што ведаем, з таго, што паведаміў расійскі бок. Здаецца, у лабараторыі быў супрацоўнік, які заразіўся, і ёсць асцярогі, што гэта, ведаеце, магло распаўсюдзіцца», — адзначыў ён.
Але Рубіо таксама дадаў, што, з улікам «вельмі абмежаваных паездак паміж ЗША і Расіяй», ён не лічыць, што гэта «падстава для трывогі, але падстава для ўвагі і падстава проста сачыць за гэтым — чым мы і займаемся».