Беларускія рыбаловы выцягнулі з лункі жывую выдру
5- 2.03.2026, 8:24
- 7,656
Відэафакт.
Нечаканай «паклёўкай» завяршыўся сезон зімовай рыбалкі на Чыгірынскім вадасховішчы (Магілёўская вобласць). Замест трафейнага драпежніка з лункі дасталі жывую выдру, паведамляе сайт Fishingby.
Інцыдэнт адбыўся 27 лютага – напярэдадні афіцыйнага закрыцця шчучага сезона. Рыбаловы выйшлі на лёд зацемна, каля 5:30 раніцы, расставілі жэрліцы і заставаліся на вадаёме да самага вечара. За ўвесь дзень – толькі адна спрацоўка. Затое якая.
Калі сцяжок «стрэліў» і шпулька закруцілася, да лункі збегліся іншыя рыбаловы: кожны быў упэўнены, што на кручку сур'ёзны трафей.
«Думалі, там шчупак кілаграмаў на дваццаць. Адрэналін проста зашкальваў», – распавёў адзін з удзельнікаў рыбалкі.
Але калі здабычу падвялі бліжэй, стала зразумела: жыўца схапіла выдра вагой каля трох кілаграмаў. Звярок апынуўся на кручку жэрліцы – такой «паклёўкі» рыбаловы дакладна не чакалі.
Па іх словах, жывёлу вызвалілі ад кручка. Пасля кароткай відэаздымкі выдру адпусцілі – усё скончылася шчасліва.
Трафейнага шчупака ў той дзень злавіць так і не ўдалося.