Як можна пахудзець з дапамогай звычайнага душа?
1- 17.05.2026, 13:51
- 1,920
Вучоныя ўразілі адкрыццём.
Штодзённы халодны душ можа стаць простым, танным і эфектыўным дадаткам да здаровага ладу жыцця для людзей, якія імкнуцца скінуць лішнюю вагу. Рэгулярнае ўздзеянне нізкіх тэмператур актывуе ў арганізме працэсы, што паскараюць спальванне каларый.
Пра гэта піша The Guardian.
Нягледзячы на рост папулярнасці плавання ў халоднай вадзе, дагэтуль існавала мінімальная колькасць навуковых дадзеных пра рэальную карысць холаду для змяншэння вагі. Каб праверыць тэорыю, даследчыкі прыцягнулі 47 дарослых пацыентаў з залішняй вагой або атлусценнем.
Палове ўдзельнікаў выдалі спецыяльныя камізэлькі і паясныя павязкі з ахаладжальнымі пакетамі, запоўненымі гелем, якія падтрымліваюць тэмпературу 15°C. Людзі павінны былі насіць іх паверх тонкай футболкі па дзве гадзіны кожную раніцу, працягваючы займацца звыклымі паўсядзённымі справамі.
Вынікі шасці тыдняў эксперыменту аказаліся ўражлівымі. Удзельнікі, якія падвяргаліся ўздзеянню холаду, у сярэднім страцілі 0,9 кілаграма, прычым амаль уся страчаная маса прыпадала менавіта на тлушчавыя адклады. А кантрольная група, якая камізэлек не насіла, не тое што не худзела, а нават набрала ў сярэднім 0,6 кілаграма.
«Гэта адно з першых даследаванняў, што вывучае ўплыў доўгатэрміновага ўздзеяння холаду на людзей з залішняй вагой і атлусценнем. Такія камізэлькі можна насіць дома, таму ўздзеянне холаду можа стаць простым і недарагім дадаткам да стратэгій здаровага ладу жыцця для зніжэння вагі, такіх як здаровае харчаванне і фізічная актыўнасць», — заявіла вядучая даследчыца, доктар Марыет Бун з LUMC.
Як працуе магія холаду
Навукоўцы тлумачаць эфект пахудзення біялагічнымі асаблівасцямі чалавечага цела. Нізкія тэмпературы прымушаюць арганізм самастойна шукаць рэсурсы для абагрэву, задзейнічаючы схаваныя рэзервы.
«Штодзённае ўздзеянне холаду актывуе бурую тлушчавую тканіну, якая выкарыстоўвае запасы тлушчу ў арганізме для выпрацоўкі цяпла. Цалкам магчыма, што нашэнне ахаладжальнай камізэлькі стымулюе актыўнасць бурай тлушчавай тканіны і аказвае дабратворны ўплыў на ўзровень ліпідаў, глюкозы і запалення ў арганізме. Усё гэта спрыяе прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў», — падкрэсліла сааўтарка даследавання, прафесар Хелен Бадж з Нотынгемскага ўніверсітэта.
Пакуль эксперты спрабуюць высветліць, ці здольныя іншыя формы рэгулярнага ахалоджвання гэтак жа эфектыўна зніжаць узровень запаленчых працэсаў і змагацца з хваробамі сэрца.
Цяпер аўтары даследавання праводзяць асобны эксперымент у Нідэрландах з удзелам 34 жанчын, каб праверыць дзейснасць звычайнага ранішняга душа. Палова ўдзельніц штодня раніцай на працягу 90 секунд прымае душ з самай халоднай вадой. На думку навукоўцаў, халодны душ і плаванне ў адкрытых вадаёмах могуць мець падобны эфект, хоць апусканне ў возера выклікае мацнейшы халадовы шок.
«Ахаладжальная камізэлька забяспечвае значна больш працяглае ўздзеянне, чым душ. Але, з другога боку, халодны душ куды халаднейшы. Нам яшчэ трэба высветліць, ці паўплывае гэта на зніжэнне вагі», — дадала доктар Бун.