Радослаў Сікорскі: Лукашэнка — шчыры прадукт савецкай калгаснай сістэмы
3- 18.05.2026, 17:08
- 1,510
Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што аўтаномія дыктатара памяншаецца.
Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі назваў Аляксандра Лукашэнку «шчырым прадуктам савецкай сістэмы». Палітык таксама адзначыў, што не раіць вяртацца ў Беларусь нядаўна высланаму з краіны былому палітвязню Андрэю Пачабуту — ён хацеў бы, каб той асабіста падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Пра гэта польскі міністр замежных спраў расказаў у інтэрв'ю, якое было апублікавана на яго YouTube-канале, піша «Зеркало».
На думку Сікорскага, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пачаў «перазапуск» адносін з Аляксандрам Лукашэнкам. І якраз на гэтым фоне адбыўся абмен у фармаце «пяць на пяць» на мяжы з Беларуссю 28 красавіка. У працэсе былі задзейнічаныя сем дзяржаў. Беларускія ўлады тады выдварылі з краіны аднаго з лідараў Саюза палякаў Анджэя Пачабута. Паводле слоў Сікорскага, «тыя, хто больш за ўсіх хваліцца гэтай аперацыяй, мелі да яе найменшае дачыненне».
Кіраўнік МЗС Польшчы расказаў, што размаўляў з Пачабутам каля гадзіны на лаўцы ў бальнічным садзе:
«Гэта была размова палякаў. Гэта патрыёт, кавалер ордэна Белага Арла, дысыдэнт. Ён рвецца ў Беларусь, а я яму, вядома, гэтага вельмі сардэчна і рашуча не раю. Бо пасля пяці гадоў, як я лічу, ён павінен дыстанцыявацца ад таго, што адбылося. Акрамя таго, яму належыць атрымаць прэмію Сахарава, за якую я, здаецца, яшчэ галасаваў у Еўрапарламенце. Ну і ён таксама павінен падзякаваць таму, хто паўплываў на яго вызваленне — прэзідэнту Трампу. Лепш за ўсё — асабіста».
Сікорскі спадзяецца, што распачаты пры садзейнічанні ЗША працэс вызвалення беларускіх палітвязняў будзе працягвацца.
Ён таксама адказаў на пытанне, які чалавек Лукашэнка, — з ім польскі палітык перасякаўся ў 2010—2011 гадах. Паводле слоў Сікорскага, тады той хацеў збліжэння з Еўропай, але потым зноў пачаў саджаць людзей у турмы.
«Гэта шчыры прадукт савецкай калгаснай сістэмы. Калі з ім размаўляеш менавіта ў такім „олдскульным“ стылі, то размова ідзе, — адзначыў кіраўнік польскага МЗС. — Але трэба аддаць належнае, што ён даволі спрытна лавіруе. Бо Уладзімір Пуцін, верагодна, хацеў бы, каб Лукашэнка накіраваў беларускіх салдат на фронт ва Украіну, а на гэта ён не згадзіўся. Пэўную ступень аўтаноміі ён захоўвае, хоць яна памяншаецца».
Сікорскі падкрэсліў, што ў Беларусі з РФ «інтэграцыя абаронных сістэм у прынцыпе поўная, асабліва супрацьпаветранай абароны». А яшчэ расіяне дапамаглі Лукашэнку перажыць «тую сацыяльную рэвалюцыю ў выніку скрадзеных выбараў» у 2020 годзе.
Кіраўнік польскага МЗС таксама расказаў, што сёлета плануецца адкрыць новы будынак пасольства Польшчы ў Беларусі.