У Літве затрымалі амаль тры дзясяткі чалавек з-за кантрабанды беларускіх цыгарэт
1- 22.05.2026, 14:49
- 1,262
Прэм'ер звярнулася да жыхароў краіны.
У Літве затрымалі 27 чалавек у сувязі з цыгарэтнай кантрабандай з дапамогай паветраных шароў. Сярод фігурантаў расследавання аказаліся праваахоўнікі, пагранічнікі, муніцыпальны чыноўнік, паведаміла паліцыя Літвы.
Паліцыя паведаміла пра «скаардынаваную атаку супраць дзвюх груп», датычных да арганізацыі кантрабанды з дапамогай паветраных шароў. Затрымана 27 чалавек.
«Рэальнасць такая, што сярод затрыманых — паліцыянты, пагранічнікі, муніцыпальны чыноўнік — усяго 14 супрацоўнікаў», — паведаміла паліцыя.
Дзве групы падазраюцца ў здзяйсненні незаконнай дзейнасці ў розных частках Літвы і ўзгадненні сваіх дзеянняў з крыніцамі ў дзяржаўных органах. Праведзена 74 вобшукі, выяўленыя не толькі цыгарэты з беларускімі акцызамі, але і GPS-перадатчыкі, дроны, біноклі, цеплавізары, радыёстанцыі, шмат SIM-картак.
Агульны кошт арыштаванай маёмасці — больш за 4 млн еўра.
Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене, як піша Delfi, звярнулася да жыхароў краіны.
«Сёння мы назіраем беспрэцэдэнтны выпадак. Затрыманыя службоўцы, якія павінны былі абараняць дзяржаву, яе межы, якім давяраюць людзі. Аднак, як падазраецца, яны маглі быць часткай злачыннай дзейнасці. Гэта сумная навіна для дзяржавы і грамадства. Сумная для ўсіх сумленных службоўцаў. Перш за ўсё хачу падзякаваць усім, хто быў заняты расследаваннем. За апошнія месяцы была праведзена велізарная праца. Складаная аператыўна-вышуковая дзейнасць, старанны збор доказаў, доўгая і адказная падрыхтоўка да аперацыі. Гэта была прафесійная, прынцыповая і важная для дзяржавы праца», — сказала прэм'ер.