Што азначала «Лебядзінае возера» падчас візіту Пуціна ў Кітай
1- 22.05.2026, 16:32
- 1,560
Меркаванне ўкраінскага дыпламата Кісліцы.
Першы намеснік кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны, дыпламат Сяргей Кісліца убачыў схаваны сімвалізм у музычным суправаджэнні вячэры падчас нядаўняга візіту кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна ў Пекін.
Ідзе пра кампазіцыю «Лебядзінае возера», якая прагучала на ўрачыстым прыёме. На думку Кісліцы, такі выбар мог быць невыпадковым.
Ён нагадаў, што ў сучаснай палітычнай культуры Расіі гэты балет асацыюецца з завяршэннем эпохі ўлады. Такі сімвалізм узнік пасля жнівеньскага путчу 1991 года, калі дзяржаўнае тэлебачанне транслявала «Лебядзінае возера», хаваючы падзеі, што адбываліся ў краіне.
«Сімвалізм у кітайскай культуры выкарыстоўваецца, каб ускосна перадаваць складаныя ідэі і накіроўваць патрэбныя пасланні… Ці думаў маскоўскі дыктатар пра тое, колькі часу яму засталося, або пра тое, колькі часу ён можа набыць, служачы Пекіну? У любым выпадку выбар забавы на банкеце апынуўся выключна сімвалічным», — напісаў дыпламат.
Кісліца таксама з іроніяй пракаментаваў спробы прадстаўніцы расійскага МЗС Марыі Захаравай шукаць сімвалізм у ўласным імені, указваючы, што склад «ма» ў кітайскай мове азначае «конь», а цяперашні год нібыта звязаны з гэтым сімвалам.
«Калі не чорныя лебедзі і не коні Апакаліпсісу, дык ЗСУ ўжо дакладна прынясуць Маскве ўсё, чаго яна заслугоўвае», — дадаў ён.