У Літве чэрвеньская спякота пабіла рэкорд
- 29.06.2026, 14:19
+36,3°C.
Літоўская метэаралагічная служба паведаміла, што ў нядзелю ў горадзе Друскінінкай слупок тэрмометра падняўся да 36,3°C, што стала новым тэмпературным рэкордам для чэрвеня.
Пра гэта распавёў сіноптык Паулюс Старкус у эфіры LRT.
Папярэдні рэкорд для чэрвеня быў усталяваны ў 2019 годзе на станцыі ў Кайшядорысе, дзе тэмпература дасягнула 35,7°C.
«Цяпер у нас ёсць новы абсалютны рэкорд найвышэйшай тэмпературы, калі-небудзь зафіксаванай у чэрвені», — сказаў Старкус.
Meteo LT паведаміла, што гэта ўжо восьмы сутачны тэмпературны рэкорд, пабіты сёлета. У 2025 годзе такіх рэкордаў было зафіксавана ўсяго 23, у 2024 годзе — 18, у 2023 годзе — 16, у 2022 годзе — 13, а ў 2021 годзе — 6.
У перыяд з 2021 па 2026 год рэкорды спякоты ў Літве фіксаваліся прыблізна ў восем разоў часцей, чым рэкорды холаду.
Звярнём увагу, +37,6 градуса складае новы абсалютны тэмпературны рэкорд чэрвеня ў Беларусі.