У Дзярждуме заклікалі расіян прывыкаць да абмежаванняў на паліва
- 30.06.2026, 5:31
- 1,158
«Як раней ужо не будзе».
Расіянам не варта разлічваць на вяртанне ранейшай даступнасці бензіну, заявіў намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па эканамічнай палітыцы Станіслаў Наумаў. «Такога ніяк не абмежаванага аб’ёму паліва для прыватных легкавых аўтамабіляў, як было ад часу з’яўлення ў краіне першай завезенай інамаркі, напэўна, ужо не будзе», — сказаў дэпутат RTVI. Каментуючы цяперашні дэфіцыт, Наумаў заклікаў расіян пазбыцца ілюзій і змяніць свае звычкі ў адпаведнасці з новай рэчаіснасцю. Паводле яго слоў, «як раней ужо не будзе», і «грамадства ў такой сітуацыі павінна неяк рэагаваць і зразумець, што часам у чымсьці трэба сваё спажыванне самарэгуляваць».
Наумаў дадаў, што расіянам давядзецца змірыцца не толькі з абмежаваннямі, але і з больш дарагім бензінам. «У такіх сітуацыях важна, каб хай і не такое даступнае па цане, як раней, але фізічна даступнае паліва было на як мага большай колькасці аўтазаправачных станцый па ўсёй Расіі», — заявіў дэпутат, дадаўшы, што прагнозы павінны быць рэалістычнымі і сумленнымі, а не «усыпляльнымі».
Ён назваў прычынай дэфіцыту бензіну ўкраінскія ўдары па нафтавых аб’ектах і заклікаў вывучыць досвед «супастаўных перыядаў» гісторыі Расіі. «Мы калісьці жылі ў перыяд халоднай вайны з ЗША, і напэўна з падыходаў таго часу можна і трэба знайсці такія меры, якія абароняць нашы сховішчы паліва ад любых атак звонку», — сказаў дэпутат.
Наумаў таксама звязаў тэрміны пераадолення паліўнага крызісу з перамовамі Расіі і ЗША па Украіне. Паводле яго слоў, сітуацыя не палепшыцца, пакуль не «будзе рэалізавана» тое, што абмяркоўвалі прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп у Анкорыджы.
Паводле даных на 29 чэрвеня, афіцыйна абмежаванні на продаж паліва ўвялі больш як 40 рэгіёнаў, уключаючы акупаваныя тэрыторыі Украіны, падлічыла РБК. Пры гэтым скаргі на збоі з пастаўкамі, пустыя і закрытыя запраўкі паступалі з 85 рэгіёнаў. У шэрагу рэгіёнаў недахоп бензіну і дызеля прывёў да збояў у працы грамадскага транспарту, праблем з вывазам смецця і запраўкай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Напярэдадні дэфіцыт паліва прызнаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін, аднак назваў яго «некрытычным».