Расійскі топ-банкір папярэдзіў Пуціна
4- 30.06.2026, 16:52
- 2,692
Палітыка Цэнтрабанка душыць эканоміку Расіі.
Зніжэнне ключавой стаўкі, якое прывядзе да аднаўлення інвестыцый, падтрымае рост эканомікі Расіі, сказаў кіраўнік Сбербанка Герман Грэф, піша The Moscow Times.
Паводле яго слоў, пры экстрэмальна высокіх рэальных стаўках, якія сёння складаюць каля 10%, эканоміка доўга існаваць не можа.
«Абсалютна відавочна, мы ўжо пераахаладзілі эканоміку», — сказаў Грэф у інтэрв’ю на штогадовым сходзе акцыянераў.
Адказваючы на пытанне, што трэба зрабіць, каб аднавіць эканамічны рост, Грэф прапанаваў павысіць прадукцыйнасць працы і аднавіць інвестыцыі.
«Што такое павышэнне прадукцыйнасці? Ведаеце, як у старым анекдоце — як павысіць прадукцыйнасць статка? Кароўку раней даілі раніцай і ўвечары, а цяпер мы будзем даіць яе пяць разоў на дзень — вось гэтую кароўку можна даіць пяць разоў на дзень, але наўрад ці яна будзе даваць больш малака. Гэта пра нашу эканоміку», — сказаў Грэф.
«Таму што экстэнсіўны рост вычэрпаны. У нас загрузка магутнасцяў знаходзіцца на мяжы. Адпаведна, неабходнае ўкараненне новых тэхналогій. І тут у аснове гэтых тэхналогій, канечне ж, штучны інтэлект. Але каб гэта ўкараняць, патрэбныя інвестыцыі. І, канечне, мадэрнізацыя вытворчасці, стварэнне новых вытворчых цыклаў — і гэта таксама інвестыцыі».
Інвестыцыі ў асноўны капітал (капітальныя інвестыцыі) ў Расіі ў першым квартале 2026 года ўпалі на 14,3% у гадавым выражэнні.
«Па выніках года ў нас будзе, думаю, мінус 2–3%, залежыць ад сітуацыі, сёння вельмі цяжка прагназаваць. І гэта апераджальны індыкатар эканамічнага росту. Што трэба рабіць, каб аднавіць рост? Трэба аднавіць інвестыцыі. Каб аднавіць інвестыцыі, трэба зніжаць стаўку», — сказаў Грэф.
«Праблема ў стаўцы сёння ў тым, што раней гэта быў інструмент уздзеяння на банкаўскі сектар, каб выклікаць скарачэнне выдачы новага крэдыту... але свет змяніўся. Сёння ў свеце паўсюль дамінуюць плаваючыя адсоткавыя стаўкі. У Расіі больш за 70% усіх крэдытаў — гэта плаваючыя адсоткавыя стаўкі. Тое самае можна сказаць і пра рынак аблігацый».
«Што адбываецца, калі Цэнтральны банк павышае стаўку? Узнікае імгненная нагрузка на тыя самыя 75% усёй эканомікі, якая мае або размешчаныя каштоўныя паперы з плаваючай стаўкай, або крэдыты з плаваючай стаўкай. І гэта каласальна моцны рычаг. Калі параўнаць з павышэннем стаўкі 10 гадоў таму і сёння — розніца велізарная», — сказаў Грэф.
Рост стаўкі ў прадпрыемстваў вымывае свабодны грашовы паток, усе сродкі, якія знаходзяцца ў распараджэнні прадпрыемстваў і могуць быць інвеставаныя.
«Асноўнай крыніцай інвестыцый з’яўляюцца ўласныя сродкі прадпрыемства. І каля 30% — гэта крэдыт. Але калі ў цябе высокая рэальная стаўка, ты страчваеш доступ да крэдыту. Проста інвестыцыйны праект становіцца нерэнтабельным пры 10% рэальнай стаўцы», — сказаў Грэф.
«Таму гэта ўключае, замыкае замок. Стаўка — гэта ключ у замку інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемства. Без гэтага (яе зніжэння) не будзе эканамічнага росту».