Беларуская пенсіянерка хадзіла на нядзельныя маршы, маршы пенсіянераў і жанчын
4- 3.07.2026, 14:10
- 2,436
Цяпер яна жыве ў Бельгіі і не хоча вяртацца дадому.
Беларускую пенсіянерку Алу двойчы затрымлівалі ў Мінску падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе. З-за пераследаў яна з’ехала спачатку ў Польшчу, а потым у Бельгію, дзе з нуля вывучыла французскую мову, ходзіць на аквааэробіку і плануе застацца там жыць. Яе гісторыю распавядае «Радыё Свабода». Гэта скарочаная версія тэксту, поўную можна прачытаць па спасылцы.
Імя гераіні зменена па яе просьбе.
Але 66 гадоў. Яна працавала ў школе, выкладала англійскую мову, выйшла на пенсію. Пісала вершы, хадзіла на мітынгі і мерапрыемствы, якія арганізоўваў БНФ, хоць і не была ў партыі.
«Я лічу, што апагей майго жыцця — 2020 год. Падпісалася і за Бабарыку, і за Ціханоўскую, была з людзьмі. Выбух 9-га, 10-га (жніўня. — РС) для мяне быў поўнай нечаканасцю. Сядзела ўвечары дома і чула: «Жыве Беларусь!» Я проста не чакала. Раніцай даведваюся, што людзей збіваюць, што кроў у цэнтры Мінска. Я таксама пайшла», — кажа суразмоўніца.
Ала ўспамінае, што ў 2020-м хадзіла на маршы тройчы на тыдзень: на агульныя па нядзелях, на жаночыя па суботах і на маршы пенсіянераў па панядзелках. Аднойчы яна нават выбралася з кватэры праз акно, бо родныя прасілі яе не ўдзельнічаць у мітынгах.

«Я дапамагала збіраць жанчын майго ўзросту на агульных мітынгах, і мы хадзілі, вадзілі карагоды, спявалі «Касіў Ясь канюшыну». Хадзіла, хадзіла, а потым дахадзілася», — успамінае суразмоўніца.
Жанчыну затрымлівалі двойчы — у лістападзе 2020 года і ў жніўні 2021 года. Абодва разы ёй давалі «суткі» ў ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Восенню 2021 года Ала зрабіла візу і з’ехала з Беларусі ў Польшчу. Знайшла там працу на рыбным заводзе, адпрацавала тры месяцы, але зразумела, што доўга там не вытрымае. Пераехала ў Чарнагорыю, адтуль у Бельгію. Там пасялілася ў лагеры для мігрантаў і пражыла ў ім 2,5 года.

Ала хадзіла на канцэрты і з нуля пачала вучыцца французскай мове — пайшла на моўныя курсы, куды бясплатна бралі ўсіх мігрантаў. Нядаўна жанчына здала моўны экзамен на ўзровень B1. На экзаменах атрымала 90 і 76 балаў са 100. Лічыць гэта добрым вынікам для свайго ўзросту. Ала працягвае вучыцца французскай, каб лепш разумець бельгійцаў, бо большасць у яе рэгіёне не ведае англійскай мовы.
«Я ўжо магу даволі доўга гаварыць на складаныя тэмы. Нам трэба было зрабіць прэзентацыю пра мастака сваёй краіны. Выбрала Юдаля Пэна. Я хадзіла ў мастацкі музей у Мінску, вельмі любіла яго карціны, яны так мяне радавалі. Усім прэзентацыя спадабалася. Ніхто не ведаў, што Марк Шагал быў з Беларусі, а Юдаль Пэн быў яго настаўнікам», — распавядае суразмоўніца.

Цяпер беларуска жыве ў горадзе Намюр, здымае кватэру, ёй аказвае дапамогу бельгійскі ўрад. Ала на пенсіі і ўжо не павінна працаваць. Яна ходзіць на заняткі па аквааэробіцы ў басейн. Кажа, што ў групе ў асноўным пенсіянеркі.

«Якія яны жывыя! Яны і скачуць, і танчаць, як маладыя! Апранаюцца, як дзяўчынкі, у шорцікі. Пайшлі, купілі тое, што ім падабаецца, і носяць. Прычоскі ў іх модныя. Касметыкай амаль ніхто не карыстаецца. Валасы большасць не фарбуе. Увечары пенсіянеры збіраюцца і бегаюць — групамі, разам!» — захапляецца ладам жыцця бельгійскіх пенсіянераў Ала.
Беларуска плануе застацца жыць у Бельгіі. Успамінае, што яе суседзі ў Мінску дапамагалі міліцыянтам яе затрымліваць, давалі ўчастковаму свой тэлефон, каб той патэлефанаваў пенсіянерцы, бо яна заблакавала нумар супрацоўніка міліцыі. Жыць побач з такімі суседзямі яна не хоча.

«Я ўжо тут прывыкла, сяброў завяла. У маім узросце гэта ўжо даволі цяжка. Хоць настальгія — рэч балючая. Трэба прывыкнуць да таго, што ў найбліжэйшы час я не змагу прыехаць дадому. Хочацца прыехаць, прайсціся па сваёй вёсцы, прыехаць у Мінск», — кажа Ала.