Літву чакае шэраг перамен
1- 18.09.2026, 20:35
- 1,184
Ужо ў наступным годзе.
Новы год прынясе частцы жыхароў Літвы не толькі павышаныя заробкі, але і магчымасць зэканоміць. З 2027 года павялічыцца мінімальная зарплата, з’явяцца падатковыя ільготы для бацькоў, некаторыя жанчыны даўжэй будуць атрымліваць грошы па доглядзе за дзіцем, а людзі, што працуюць на некалькіх працах, атрымаюць больш сацыяльных гарантый, паведамляе Delfi.
Мінімальная зарплата павялічыцца на 92 еўра
У 2027 годзе мінімальная зарплата ў Літве павялічыцца на 8%, а неабкладаемы падаткам памер — на 4%. Мінімум «на паперы» складзе 1245 еўра. Гэта на 92 еўра больш, чым цяпер. Пачасовая аплата будзе не 7,05, а 7,61 еўра.
Рост «мінімалкі» наўпрост закране 140 000 чалавек.
«Мінімалка» «на рукі» павялічыцца на 56 еўра і складзе 902 еўра.
Паводле разлікаў Міністэрства сацыяльнай аховы і працы, у 2027 годзе рызыка беднасці для аднаго чалавека — гэта даходы 868 еўра.
Цяпер мінімум у Літве складае 1153 еўра — гэта 45,3% ад сярэдняга заробку. Мінімум «на паперы» складае 846 еўра — гэта 54,5% ад сярэдняга заробку «на рукі».
Новыя ільготы для бацькоў
Са студзеня ў бацькоў з’явіцца магчымасць плаціць менш падаткаў.
Дзяржаўная падатковая інспекцыя паведамляе, што за кожнае дзіця бацькам, якія працуюць па працоўнай дамове, належыць дадатковы гадавы неабкладаемы падаткам памер у 1044 еўра.
Тым, хто працуе на сябе, належыць дадатковы падатковы крэдыт у памеры 208,80 еўра на кожнае дзіця.
Аднак ДПІ адзначае, што гэтыя ільготы будуць улічаныя, калі жыхары будуць дэклараваць даходы за 2027 год, таму ўпершыню імі можна будзе скарыстацца ў 2028 годзе падчас дэкларавання даходаў.
Падатковыя ільготы атрымлівае толькі адзін з бацькоў (па дамоўленасці).
Пасабіі па доглядзе за дзіцем будуць выплачвацца даўжэй
Міністэрства сацыяльнай аховы і працы паведамляе, што з 1 студзеня 2027 г. змяняецца парадак выплат па доглядзе за дзіцем — ва ўсіх выпадках жанчыне будуць выплачваць дапамогу па мацярынстве 4 месяцы, незалежна ад таго, на якой тыдні нарадзілася немаўля.
Гэта актуальна для тых маці, якія цяпер атрымліваюць гэтыя выплаты не так доўга. Напрыклад, калі жанчына да 30-га тыдня не пайшла ў адпачынак па цяжарнасці, то яна атрымлівае гэтыя выплаты толькі за 56 дзён.
Даўжэй будуць выплачваць грошы жанчынам, якія нарадзілі на 22–30-м тыдні, калі дзіця не пражыла 28 дзён, а таксама тым, хто нарадзіў мёртвае немаўля. Цяпер у такіх выпадках дапамога выплачваецца толькі за 28 календарных дзён.
Выплаты, як і раней, будуць роўныя 100% папярэдняга заробку «на рукі». У выпадку складаных родаў або нараджэння больш чым аднаго дзіцяці, дапамогу будуць выплачваць яшчэ за 14 дзён (як і цяпер).
Перамены чакаюць і апекуноў нованароджаных. З 1 студзеня ім будуць выплачваць дапамогу з дня прызначэння апекі і да таго дня, калі немаўляці споўніцца 126 дзён (цяпер — да 70 дзён).
Яшчэ адна навіна — калі немаўля нарадзілася мёртвым або памерла падчас выплаты дапамогі па мацярынстве, жанчына зможа раней вярнуцца на працу і не страціць выплаты.
Больш сацыяльных гарантый для тых, хто працуе ў некалькіх месцах
З 1 студзеня 2027 г. змяняецца парадак узносаў сацыяльнага страхавання для людзей, якія працуюць у двух і больш працадаўцаў, але ні ў аднаго не атрымліваюць мінімум.
Усе працадаўцы павінны будуць плаціць за такога работніка столькі падаткаў, каб у суме атрымлівалася, як з мінімальнай зарплаты. Гэта актуальна для больш як 8000 работнікаў.
Калі работнік будзе працаваць у двух працадаўцаў, кожны будзе плаціць падаткі, як з паловы мінімуму, калі ў трох — як з траціны і г.д.
З Новага года работнікі змогуць даведацца заробкі сваіх калег
З 1 студзеня 2027 г. работнікі змогуць даведацца заробкі сваіх калег.
Штомесяц працадаўцы павінны будуць падаваць „Содры“ звесткі пра заробак і час працы работнікаў. Будзе падавацца інфармацыя пра пасаду работніка, норму рабочага часу і рэжым.
„Содра“ будзе разлічваць сярэднюю пачасовую аплату, розніцу ў заробках мужчын і жанчын у канкрэтнай кампаніі па пасадавых групах.
Акрамя таго, работнік зможа пісьмова звярнуцца да працадаўцы і даведацца свой заробак і сярэдні пачасовы і гадавы заробак асоб пэўнага полу ў той жа пасадавай групе.
Працадаўцы не змогуць тлумачыць розніцу ў заробках нейкімі ўласнымі разлікамі, яны павінны будуць прадставіць аб’ектыўныя крытэрыі, напрыклад, кваліфікацыя, навыкі, адказнасць, умовы працы.
Яшчэ адна навіна: працадаўца не можа цікавіцца, колькі чалавек атрымліваў на папярэднім месцы працы.
Падаражэе частка алкаголю і іншыя акцызныя тавары
З 1 студзеня 2027 г. зноў павысяць акцызы на некаторы алкаголь і тытунёвыя вырабы.
Акцыз на піва павысяць з 12,74 да 14,85 еўра за 1% аб’ёмнай долі спірту і гекталітр. Акцыз на віно і іншыя ферментаваныя напоі, у якіх канцэнтрацыя спірту 8,5%, павялічыцца са 148 да 173 еўра за гекталітр.
На больш моцныя віно і ферментаваныя напоі — з 296 да 346 еўра за гекталітр.
Падаражаюць і моцныя спіртныя напоі — акцыз на этыловы спірт павялічыцца з 3130 да 3530 еўра за гекталітр чыстага спірту.
Перамены чакаюць і курцоў — спецыфічная частка акцызу на цыгарэты павялічыцца са 100,5 да 109 еўра за 1000 цыгарэт, на цыгары і цыгарылы — са 126,7 да 146,3 еўра за кг, а на курыльны тытунь — са 135,2 да 148 еўра за кг. Акцыз на тытунь для нагрэву павялічыцца са 100,6 да 113,2 еўра за 1000 шт.
Вадкасць для электронных цыгарэт падаражэе з 1,56 да 3,91 еўра за мл (з 15,60 да 39,10 еўра за 10 мл).