Марсаход Curiosity выявіў на Марсе дзіўныя адбіткі
- 18.09.2026, 21:14
- 2,786
Гэта можа быць след, пакінуты жывой істотай.
Марсаход Curiosity выявіў у кратэры Гейла дзіўнае паглыбленне на паверхні, якое нагадвае адбітак чыесьці нагі або лапы. Няўжо гэта след, пакінуты жывой істотай? Няўжо яго пакінуў іншапланетнік?
Насамрэч гэты аб'ект, хоць і не падобны ні на што з таго, што вучоныя бачылі раней на паверхні Марса, не звязаны з іншапланетнікамі. І ўсё ж загадка застаецца, піша Space.
З 2012 года марсаход Curiosity праводзіць даследаванне Марса ў кратэры Гейла. Там ён, у прыватнасці, шукае прыкметы існавання пазазямнога мікрабнага жыцця на Чырвонай планеце ў далёкім мінулым. Цяпер марсаход НАСА вывучае схілы гары Эоліда, якая знаходзіцца ў цэнтры кратэра Гейла і мае вышыню прыблізна 5 кіламетраў.

Падчас нядаўніх назіранняў колавы робат сфатаграфаваў незвычайную асаблівасць рэльефу, якая зусім не падобная да таго, што вучоныя бачылі раней. Гэты загадкавы аб'ект уяўляе сабой скупчэнне шырокіх, але не вельмі глыбокіх паглыбленняў, раскіданых па карэннай пародзе Марса. Карэнная парода — шчыльны і цвёрды пласт горных парод, што залягае пад рыхлым глебавым пакрывам.
Невялікія паглыбленні нярэдка сустракаюцца на паверхні Марса, і іх ужо вывучаў Curiosity. Але ўсе яны моцна адрозніваюцца ад нядаўна выяўленых формаў рэльефу. Новыя паглыбленні значна шырэйшыя, але не такія глыбокія, як тыя, што марсаход бачыў раней у кратэры Гейла. Пры гэтым вучоныя не выявілі ніякіх аб'ектаў побач з гэтымі паглыбленнямі, якія маглі б першапачаткова знаходзіцца ў іх.
Даследчыкі сабралі максімум дадзеных пра гэтыя дзіўныя формы рэльефу з дапамогай прыбораў Curiosity і пачалі іх аналіз. Як паведамілі вучоныя з НАСА, у матэрыяле, які запаўняе гэтыя дзіўныя ямы, былі выяўлены пласты, хімічны склад якіх адрозніваецца ад асноўнай карэннай пароды.
Вучоныя хочуць высветліць, як утварыліся гэтыя ямы на Марсе, як даўно яны існуюць і што яны могуць распавесці пра гісторыю Чырвонай планеты.