Крамль у 18-ы раз з пачатку лета заявіў, што «мабілізацыі не будзе»
1- 18.09.2026, 21:07
Тым часам расійскія эліты пачалі вывозіць сваякоў з краіны.
Планаў прызваць у армію 300 тыс. чалавек да канца 2026 года ў расійскіх уладаў няма, заявіў RTVI прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы матэрыял Bloomberg пра тое, што ў Расіі рыхтуецца «схаваная мабілізацыя».
«Не. Такіх планаў няма», — сказаў ён. Гэта ўжо 18-я падобная заява Масквы: па падліках «Важных гісторый», раней улады, пачынаючы з 1 чэрвеня, як мінімум 17 разоў адхілялі магчымасць хуткай мабілізацыі, а ў верасні Пуцін выступіў з такім абвяржэннем двойчы за тры дні.
Падставай для рэгулярных абвяржэнняў сталі паведамленні пра тое, што пасля вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму Крамль можа пачаць новы набор людзей для адпраўкі на вайну. У жніўні The Wall Street Journal, The New York Times і Financial Times пісалі пра падрыхтоўку расійскіх улад да магчымай новай мабілізацыі. Пра гэта таксама заяўлялі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны. Крыніцы The Economist, блізкія да Крамля, дапускалі правядзенне новай мабілізацыі па ўказе 2022 года, які працягвае дзейнічаць.
З 28 ліпеня намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў чатыры разы заяўляў, што новая мабілізацыя не патрэбная. Магчымасць яе правядзення таксама неаднаразова адмаўлялі дэпутаты Дзярждумы, у тым ліку члены камітэта па абароне генерал-палкоўнік Андрэй Картапалаў, генерал-лейтэнанты Віктар Сабалеў і Андрэй Гурулёў, дэпутат Андрэй Калеснік і казацкі генерал Віктар Вадалацкі. Картапалаў і Сабалеў рабілі такія заявы па два разы.
Пра тое, што мабілізацыя не плануецца, таксама казалі сенатар Андрэй Клішас і прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. Пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Васіль Нябензя падчас брыфінгу паведаміў, што «масавая мабілізацыя цяпер не плануецца і не чакаецца». 25 жніўня Пяскоў заявіў, што паведамленні пра новую мабілізацыю наўмысна распаўсюджваюць украінскія ўлады, каб «раскачваць сітуацыю ў нас у краіне».
18 верасня Bloomberg паведаміў, што некаторыя расійскія чыноўнікі і супрацоўнікі пунктаў набору ў армію баяцца магчымай мабілізацыі пасля выбараў і раяць сваякам пакінуць краіну або шукаюць магчымасці адкрыць рахункі за мяжой.