У Мюнхене адкрыўся 191-ы Актобэрфэст
4- 19.09.2026, 17:42
Літровы куфаль піва на Актобэрфэсце ў гэтым годзе каштуе амаль 16 еўра.
Традыцыйнай цырымоніяй адчынення піўной бочкі ў Мюнхене адкрыўся 191-ы Актобэрфэст. У суботу, 19 верасня, гэтую місію ўпершыню выканаў новы абэр-бургамістр баварскай сталіцы Дамінік Краўзэ, які прадстаўляе партыю «Саюз-90»/«зялёныя». Ён адкрыў бочку двума ўпэўненымі ўдарамі і пасля гэтага перадаў першы куфаль піва міністру-прэзідэнту Баварыі Маркусу Зёдэру, перадае Deutsche Welle.
Традыцыйная фраза «O'zapft is», што азначае адчыненне першай піўной бочкі, лічыцца афіцыйным стартам Актобэрфэсту.
Папярэднік Краўзэ, сацыял-дэмакрат Дзітэр Райтэр, рэгулярна спраўляўся з гэтай задачай усяго за два ўдары, і новы бургамістр перад сваім дэбютам на Актобэрфэсце трэніраваўся з асабістым настаўнікам па адчыненні бочак, каб паўтарыць гэты поспех.
Ужо ў дзень адкрыцця дзякуючы сонечнаму і цёпламу надвор'ю тэрыторыя Актобэрфэсту на Лугу Тэрэзы запоўненая наведвальнікамі. Кошт піва на Актобэрфэсце ў гэтым годзе складае да 15,90 еўра за літровы куфаль. У 2025 годзе 6,5 млн наведвальнікаў выпілі 6,5 млн куфляў піва, то бок у сярэднім па літры на чалавека.
Актобэрфэст лічыцца найбуйнейшым народным святам у свеце і працягнецца да 4 кастрычніка. Чакаецца, што яго наведаюць значна больш за 6 млн чалавек.
Перад адкрыццём свята паліцыя паабяцала забяспечыць максімальна магчымы ўзровень бяспекі і, між іншым, адбіць магчымую атаку дронаў. Упершыню на Актобэрфэсце будуць задзейнічаны камеры з падтрымкай штучнага інтэлекту, каб своечасова выяўляць празмернае скупчэнне людзей і пры неабходнасці загадзя перакрываць доступ на тэрыторыю.