Кіраўніца МЗС Латвіі: Трэба ціснуць на Лукашэнку
2- 19.09.2026, 17:02
І дамагацца спынення рэпрэсій.
Міністр замежных спраў Латвіі Байба Браже пасля сустрэчы са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коулем заявіла, што пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, санкцыйны ціск на яе павінен працягвацца, перадае «Белсат».
Сустрэча міністра замежных спраў Латвіі і Джона Коула адбылася 17 верасня. Падчас яе абмяркоўвалі скарачэнне і прадухіленне інструменталізацыі міграцыі, створанай беларускім рэжымам, якая ўяўляе пагрозу для знешняй мяжы Еўрасаюза і НАТА, а таксама для рэгіянальнай бяспекі.
Браже падзякавала ЗША за папярэднюю падтрымку бяспекі Латвіі і Балтыйскага рэгіёна, у тым ліку за ўмацаванне Латвіі як знешняй мяжы ЕС і НАТА, і праінфармавала спецпасланніка прэзідэнта ЗША пра бягучую сітуацыю на латвійска-беларускай мяжы. Міністр падкрэсліла, што Латвія працягвае сутыкацца з узмацненнем ціску з боку нелегальнай міграцыі — з пачатку года было прадухілена больш як 11 000 спроб незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы.
«Беларускі рэжым працягвае выкарыстоўваць людзей як інструмент ціску на Латвію і Еўрасаюз. Гэта не толькі пытанне міграцыі — гэта частка ваеннай дактрыны Расіі, накіраванай на аслабленне адзінства саюзнікаў, стварэнне дадатковай нагрузкі на пагранічную ахову нашай краіны і пагрозу бяспецы межаў ЕС і НАТА», — адзначыла Браже.
Кіраўніца латвійскага МЗС таксама высока ацаніла ўдзел ЗША ў вызваленні беларускіх палітвязняў.
«Пакуль рэжым працягвае рэпрэсаваць уласнае насельніцтва і пагражае бяспецы суседніх краін, міжнародная супольнасць павінна працягваць ціснуць на Мінск. Санкцыйны ціск павінен працягвацца», — падкрэсліла міністр падчас размовы.
У Латвіі Коул таксама сустрэўся з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам і кіраўніком Дзяржаўнай памежнай службы краіны Гунцісам Пуятсам.
Кулбергс станоўча ацаніў вызваленне 25 палітвязняў, аднак адзначыў, што істотных паляпшэнняў у дзеяннях рэжыму няма: улады працягваюць рэпрэсіі, падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны і выкарыстоўваюць міграцію як інструмент гібрыднай атакі. Таму Латвія выступае за захаванне палітычнага і санкцыйнага ціску і падтрымлівае пашырэнне санкцый ЕС.
Пасля перамоў Джона Коула ў Мінску 15 і 16 верасня ўлады Беларусі вызвалілі 25 палітвязняў, а ЗША знялі санкцыі з «Лакокраскі» і канцэрна «Беллесбумпрам».
Ужо ў Вільні спецпасланнік расказаў, што плануе зноў наведаць Мінск на працягу месяца і разлічвае дамагчыся выхаду з турмаў «сотняў палітвязняў». Паводле яго слоў, перамовы ішлі няпроста: спачатку беларускі бок згаджаўся выпусціць толькі двух чалавек, потым — 14. У Вашынгтоне спадзяюцца вызваліць усіх палітвязняў да канца года. Чакаюцца новыя вызваленні і чарговае зняцце санкцый. Раней Коул таксама заяўляў, што будуць размарожаныя і вернутыя ў Беларусь каля $45 млн, заблакіраваных у амерыканскіх банках.