19 траўня 2024, Нядзеля, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародныя арганізацыі абураныя арыштам расейскага ядзершчыка

7
Міжнародныя арганізацыі абураныя арыштам расейскага ядзершчыка

Экалога-праваабарончы цэнтр «Беллона» бярэ пад кантроль сітуацыю з арыштам Андрэя Ажароўскага.

Аўтарытэтная экалагічная арганізацыя «Беллона», экспертам якой з'яўляецца арыштаваны ў Беларусі фізік-атамшчык Андрэй Ажароўскі, накіравала афіцыйны зварот на імя кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова з просьбай разабрацца ў сітуацыі з арыштам расейца.

У звароце, апублікаваным на сайце арганізацыі, адзначаецца, што з Андрэем Ажароўскім дагэтуль не сустрэўся прадстаўнік консульскай службы РФ у Беларусі. «Беллона» адзначае, што Ажароўскі быў арыштаваны фактычна за тое, што збіраўся распаўсюдзіць даклад «Крытычныя заўвагі да АУНА беларускай АЭС», адным з аўтараў якога ён з'яўляецца.

Арыштаванаму Ажароўскаму не была аказаная падтрымка адваката.

Таксама сёння стала вядома, што арыштаваны расейскі фізік падаў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла рэдактарка Беларускага экалагічнага партала Таццяна Новікава. Ажароўскі паспрабуе абскардзіць рашэнне Астравецкага суду, згоднаму з якім ён адбывае 7-дзённае пакаранне ў Астравецкім следчым ізалятары.

Скарга Андрэя Ажароўскага ў Гарадзенскім абласным судзе павінна быць разгледжаная, паводле беларускага заканадаўства, на працягу трох дзён.

Нагадаем, што ўвечары 9 кастрычніка каардынатар групы «Экаабароны» (Масква) фізік-атамшчык Андрэй Ажароўскі быў прысуджаны судом Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

Ажароўскі быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы, куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС. Ён быў дастаўлены ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе ў яго канфіскавалі 94 друкаваных матэрыяла пад назвай «Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС». У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго словаў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы.

Амбасада Расеі ўжо накіравала ноту пратэсту ў МЗС Беларусі. Нота перададзеная 12 кастрычніка ў консульскі аддзел МЗС для высвятлення дэталяў таго, што адбылося.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках