Падатковыя органы зноў узяліся за рынак «Ждановічы»
8- 11.11.2009, 9:04
Як паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства па падатках і зборах, падатковыя органы Менска ў кастрычніку ўзмацнілі кантроль на рынку гандлёвага дома «Ждановічы».
Пры штодзённым абследаванні гандлёвых месцаў на рынку ГД «Ждановічы» працаўнікі падатковых органаў сталіцы выявілі 33 фізічныя асобы, якія ажыццяўлялі гандлёвую дзейнасць без выплаты адзінага падатку. У далейшым гэтыя асобы выплацілі падатак на 1 млн. 452 тыс. рублёў, піша БелаПАН.
Выяўлена 21 фізічная асоба, якая ажыццяўляла дзейнасць па даведках мясцовых выканаўчых органаў аб тым, што прадукцыя, якая рэалізуецца, вырабленая плацельшчыкам на зямельным участку, вылучаным для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. Аднак, паводле інфармацыі МПЗ, гэтыя асобы ажыццяўлялі гандаль садавінаагароднінай прадукцыяй, не вырабленай на такіх участках. У выніку было даплачана падаткаў на 923 тыс. рублёў.
Паводле дадзеных МПЗ, у цэлым за кастрычнік падчас кантрольных мерапрыемстваў у ГД «Ждановічы» было прыцягнута да падаткаабкладання 204 фізічныя асобы, у выніку чаго паступленні ў бюджэт у параўнанні з вераснем узраслі ў 2,2 раза. Сума паступленняў у паведамленні прэс-цэнтра МПЗ не пазначаецца.