11 чэрвеня 2026, Чацвер, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вацлаў Гавал: Еўропа ўжо мае злавесны досвед улагоджвання дыктатараў

26
Вацлаў Гавал: Еўропа ўжо мае злавесны досвед улагоджвання дыктатараў

Экс-прэзідэнт Чэхіі выступіў у Еўрапарламенце з прамовай, прымеркаванай да 20-й гадавіны падзення камуністычных рэжымаў у Еўропе.

Былы дысідэнт і прэзідэнт казаў пра значэнне падзеяў 20-гадовай даўніны для гісторыі і пра будучыню аб'яднанай Еўропы. «Радыё Свабода» прыводзіць фрагмент яго прамовы:

«Паважаны спадар старшыня, паважаныя дэпутаты!

Дзякую за запрашэнне і магчымасць выступіць перад вамі ў дні 20-й гадавіны разбурэння бар'ераў на межах, знікнення калючага дрота, падзення сценаў паміж рознымі еўрапейскімі народамі, а ў выпадку Германіі – сцяны паміж двума часткамі аднаго народа.

Быў гэта канец двухполюснага падзелу не толькі Еўропы, але і ў вялікай ступені ўсяго свету. Быў гэты момант гістарычна настолькі важны, што некаторыя лічылі, з той хвіліны ўжо будзе спакой, а свет будзе толькі квітнець. Так не здарылася – гісторыя, вядома, не скончылася. Таму тым больш важна зразумець нам гэтую гадавіну не толькі як выклік сучаснасці, але перш за ўсё як выклік для асэнсавання будучыні…

Да такога нечакана хуткага падзення «жалезнай заслоны» ніхто з нас не мог быць цалкам падрыхтаваным. Гэта было б ненатуральна. Таму надышоў перыяд поўнай разгубленасці, выпрабоўвання розных альтэрнатываў і няўпэўненасці. Потым НАТА пашырылася за кошт новых чальцоў, чым гарантавала ім бяспеку і дапамагло засяродзіцца на ўступленні ў Еўразвяз. А потым Еўразвяз стаў адкрывацца для новых дэмакратыяў Сярэдняй і Усходняй Еўропы.

З гэтымі краінамі Еўразвяз час ад часу мае розныя турботы. Гэта больш чым зразумела. Дэмакратычную ці палітычную культуру нельга аднавіць ці стварыць за адзін дзень. Гэта адбываецца доўга, і пры гэтым трэба вырашаць мноства нечаканых праблемаў… Але нават самыя вялікія турботы, якія мае сёння з намі Еўразвяз, цалкам вартыя таго, каб імі займацца, таму што любая альтэрнатыва сучаснаму развіццю падзеяў была б прынцыпова горшая і больш небяспечная…

Таталітарная ці аўтарытарная сістэма ўлады часам мае непрыкметны пачатак і вельмі рацыянальныя спосабы кантролю над грамадствам. Толькі зараз, пасля такога адрэзка часу, шмат хто з нас на самой справе ўсведамляе, як яны былі ўплеценыя ў таталітарныя сеткі.

Гэта ўсё абавязвае нас быць асабліва пільнымі. Гэтая пільнасць павінна быць нашым унёскам у гарантыю таго, што перажытае намі не паўторыцца.

Што для гэтага патрабуецца? Неабходная відавочная і адназначная салідарнасць з усімі, хто сёння дзе-небудзь у свеце змагаецца з таталітарнымі ці аўтарытарнымі рэжымамі. Ніякія эканамічныя ці іншыя карыслівыя інтарэсы не павінны стрымліваць нашую салідарнасць. Нават маленькі, непрыкметны кампраміс можа з часам мець, на першы погляд, ускосныя, але фатальныя наступствы. Злу нельга саступаць, таму што кожную такую саступку зло, па самой сваёй натуры, паверне ў сваю карысць. Дарэчы, з палітыкай улагоджвання Еўропа ўжо мае злавесны досвед. Людзям са свабодалюбнымі поглядамі ці проста тым, хто выказвае ўслых сваю ацэнку сітуацыі ў Паўночнай Карэі, Бірме, Іране, Тыбеце, Беларусі, на Кубе ці ў нейкім іншым месцы, нашая падтрымка можа дапамагчы больш, чым мы сабе ўяўляем».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках