26 красавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Той, хто маўчыць пра зло, сам чыніць зло

4
Той, хто маўчыць пра зло, сам чыніць зло

Еўропа кажа пра парушэнні правоў чалавека ў Афрыцы, Кітаі і Паўночнай Карэі, але не заўважае, што адбываецца побач – у Беларусі, піша Ян Шкроб у чэшскім выданні «Respekt».

Артыкул Яна Шкроба называецца «Пра Беларусь і абыякавасць». Падаем яе тэкст цалкам:

16 кастрычніка ў Менску была задушаная мірная дэманстрацыя супраць кіруючага рэжыму. Калі вы думаеце, што нічога асаблівага не адбылося, вы, увогуле, маеце рацыю - такое ў Беларусі адбываецца часта. Кожны раз, калі я заходжу, напрыклад, на сайт svobodnebelorusko.cz («Свабодная Беларусь»), я дзіўлюся, чаму пра падзеі ў гэтай краіне нашыя сродкі масавай інфармацыі, здаецца, не паведамляюць наогул (прынамсі, я гэтага не заўважаю). І значная колькасць людзей наогул не ведаюць, што ў Беларусі нешта не ў парадку.

Беларуссю з 1994 года кіруе Аляксандр Лукашэнка, і ўся краіна - гэта аскепак ад таталітарнага Савецкага саюза і адзіная сапраўдная дыктатура ў Еўропе. Пакуль шмат хто носіць футболкі з надпісам «FREE TIBET» і пра парушэнні правоў чалавека кажуць, галоўным чынам, у сувязі з Кітаем, Паўночнай Карэяй ці дыктатарскімі рэжымамі ў Афрыцы, палітычныя арышты і уціскі ў краіне, геаграфічна і культурна нам блізкай, мала каго турбуюць.

На ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі ў Беларусі уціскаюць беларускую мову, аддаючы перавагу расейскай. Гістарычныя сімвалы дзяржавы з'яўляюцца незаконнымі, іх замяніла сімволіка, створаная ў пачатку 50-х гадоў для Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Апазіцыйныя рухі душацца, хаця Лукашэнка спрабуе рабіць выгляд, што ўсё праходзіць дэмакратычна - у апошніх прэзідэнцкіх выбарах удзельнічаў адзін з апазіцыйных лідэраў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч (па выніках галасавання, якія, хутчэй за ўсё, былі сфальсіфікаваныя, ён атрымаў толькі 6% галасоў). Пра ўсё гэта я мог бы пісаць доўга і шмат, і, напэўна, я быў бы першым, хто бы зрабіў гэта на чэшскай. Але я не стану брацца за гэтую справу.

16 дзень кожнага месяца - неафіцыйны Дзень салідарнасці з Беларуссю (у Беларусі - Дзень нашай салідарнасці). У 20.00 (у 19.00 па еўрапейскім часе) людзі ва ўсім свеце павінны выключыць святло ў сваіх кватэрах і паставіць на падваконне свечкі. Таксама ў гэтыя дні ў Беларусі, як правіла, праходзяць дэманстрацыі супраць кіруючага рэжыму. 16 кастрычніка (і не толькі тады) дэманстрацыя была задушаная вайскоўцамі, сярод якіх былі і агенты КДБ у цывільным. Удзельнікаў дэманстрацыі збілі і арыштавалі. Дэманстрацыя доўжылася ўсяго дзве хвіліны.

Я не ведаю, як я павінен буду сябе паводзіць, калі мне хтосьці скажа, што гэтыя падзеі няважныя для нас, што значна важней тое, пра што пішуць нашыя СМІ. Калі б у свеце больш ведалі пра сітуацыю ў Беларусі і больш казалі пра гэта, гэта было б не «проста» істотная маральная падтрымка для апазіцыі, але, я ўпэўнены, так можна было б, хай ускосна, паўплываць на становішча ў краіне. Дзесьці я бачыў надпіс «Той, хто маўчыць пра зло, сам чыніць зло», і хаця ў гэтым лозунгу ёсць перабольшанне, у ім ёсць і праўда.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках