11 чэрвеня 2026, Чацвер, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя ў Курапатах зноў прайшла пад наглядам міліцыі

29 ліпеня ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на паўночна-усходняй ускраіне Менска, адбылося штомесячнае памінанне ахвяраў сталінізму.

Каля 20 удзельнікаў мерапрыемства ўсклалі кветкі да памятных знакаў, запалілі знічы, пад бел-чырвона-белымі сцягамі выканалі духоўны гімн "Магутны Божа".

Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў у інтэрв'ю БелаПАН назваў Курапаты "сімвалам нацыянальнай трагедыі беларусаў" і выказаў надзею, што ў будучыні беларуская грамадскасць усвядоміць і асудзіць страшныя злачынствы сталінізму супраць уласнага народа і зробіць усё, каб не дапусціць іх паўтору. "Вось чаму мы павінны і надалей пры любым надвор'і і ўладзе праводзіць гэтае памінанне", — сказаў Макаеў.

Намеснік старшыні мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Раманоўскі нагадаў, што на прапанову ўладам усталяваць 29 кастрычніка штогадовым Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі быў атрыманы адказ дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Кавалені. Ён мяркуе, што "ушанаванне памяці ахвяраў сталінізму — усенародная справа, якая патрабуе шырокага абмеркавання і прыняцця рашэння на заканадаўчым узроўні". "Мы гатовыя працягнуць дыялог для вырашэння ўзнятай праблемы", — сказаў Раманоўскі.

Старшыня мемарыяльнай секцыі Вячаслаў Сіўчык заклікаў удзельнікаў памінання прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах Года памяці ахвяраў 1939 года, прысвечанага 70-годдзю пакта Рыбентропа-Молатава, пачатку Другой сусветнай вайны і савецка-германскай агрэсіі супраць Польшчы. Ён лічыць, што мерапрыемствы варта праводзіць з улікам ініцыятывы Еўрапарламента абвесціць 23 жніўня агульнаеўрапейскім Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, "паколькі злачынствы гэтых таталітарных рэжымаў вельмі цесна звязаныя". "Рэпрэсіі сталіністаў і нацыстаў у розны час у Беларусі зведвалі адны і тыя жа людзі ў адных і тых жа месцах, бо таталітарныя рэжымы аднолькавыя па сваёй антыгуманнай прыродзе, хоць і адрозніваюцца ідэалогіяй", — сказаў Сіўчык.

За правядзеннем памінання ў Курапатах назіралі восем прадстаўнікоў сілавых структураў у форме і грамадзянскай вопратцы.

Чарговае памінанне ва ўрочышчы адбудзецца 29 жніўня ў 17.00.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках