20 красавiка 2024, Субота, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто аплачваў шыкоўны адпачынак беларускага дыктатара ў Аўстрыі?

47
Хто аплачваў шыкоўны адпачынак беларускага дыктатара ў Аўстрыі?

У 2004 годзе за гэтае пытанне пасадзілі ў турму Валерыя Леванеўскага. Зараз сакрэт адкрываюць аўстрыйскія СМІ.

Зараз такое пытанне на старонках уплывовага венскага выдання «Die Presse» задае журналіст Эрвін Рот. У сваёй публікацыі Рот выказвае меркаванне, што звышкамфартабельныя тырольскія канікулы беларускага кіраўніка і яго сям’і ў 2002 годзе маглі быць аплачаныя праз сакрэтны рахунак Аўстрыйскага алімпійскага камітэту, перадае «Радыё Свабода».

Нагадаем, што на пачатку 2002 года беларускі кіраўнік адпачываў у Аўстрыі на запрашэнне тагачаснага старшыні Алімпійскага камітэту краіны і ўладальніка сеткі казіно (Casinos Austria) Леа Вальнэра. Пазней Вальнэр наведаў Менск у адказ на запрашэнне старшыні беларускага НАК, прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Эрвіна Рота, да журналісцкага расследавання яго падштурхнулі матэрыялы пра рэвізію ў аўстрыйскім НАК, змешчаныя пару тыдняў таму ў штотыднёвіку «Format». Днямі Рот перадаў нядзельнаму выданню Die Presse — штотыднёвіку Presse am Sonntag — сваю так званую «чырвоную папку» з квіткамі, распіскамі, даведкамі.

Гэтыя дакументы даюць уяўленне пра гісторыю шыкоўнай паездкі беларускага кіраўніка ў аўстрыйскія Альпы, а таксама пацвярджаюць, што аўстрыйскі НАК сапраўды стварыў сумнеўны сакрэтны рахунак у Raiffeisen Bank’у. Гэта адбылося ў 2001 годзе з ініцыятывы Леа Вальнэра. Ужо 3 сакавіка 2002 году ў Аўстрыю прыляцеў беларускі кіраўнік са шматлікай світай. Як вынікае з журналісцкага дасье, на два тыдні адпачынку беларускіх гасьцей была пералічаная сума 200 тысячаў еўра.

У «чырвонай папцы» можна знайсці разнастайныя гатэльныя квіткі, а таксама квіткі на пракат лыжнай амуніцыі ды арэнду адмысловых бунгала для гарналыжнікаў. Як вынікае з дакументаў, Лукашэнка і яго світа жылі ў двух дарагіх альпійскіх гатэлях.

Вось, напрыклад, адна з аплатаў на курорце ў Rosskopfhutte ад 16.03.2002. Дакладны час — 15 гадзінаў 28 хвілінаў, дакладная сума — 1006,40 еўра. Зафіксаванае набыццё 70 пляшак алькагольных напояў. Аплата зробленая (напісана ад рукі) «Аўстрыйскімі казіно» і аўстрыйскім НАК.

Паводле дасье Рота, розныя буйныя кампаніі кшталту гатэляў, аўтобусных перавозчыкаў, авіякампаніяў звычайна дасылалі рахункі на аплату сваіх паслугаў непасрэдна ў «Аўстрыйскія казіно» тагачаснаму выканаўчаму дырэктару, «правай руцэ» Леа Вальнэра — Герхарду Скофу.

Ці была нейкая выгада для аўстрыйскага НАК у тым, каб запрасіць у Альпы Лукашэнку? Журналіст Эрвін Рот лічыць, што ніякай. На яго думку, НАК увогуле ня меў дачынення да арганізацыі гэтай паездкі. Іншая справа — «Аўстрыйскія казіно», афіцыйны спонсар НАК і, паводле журналіста, «неафіцыйная каса беларускага дыктатара».

Дзякуючы таму, мяркуе Рот, што Леа Вальнэр адначасова быў і старшынём НАК, і ўладальнікам казіно, была вырашаная даволі складаная на той час дылема. У 2002 годзе кіраўніцтвам ЕЗ, як вядома, былі забароненыя афіцыйныя кантакты з беларускім презідэнтам Лукашэнкам. У Аўстрыю яго ўдалося запрасіць у якасьці презідэнта беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Ініцыятарам такога неафіцыйнага запрашэння быў ніхто іншы, як Леа Вальнэр.

У размове з «Presse am Sonntag», адказваючы на пытанне, хто быў зацікаўлены ў падобным запрашэнні, Вальнэр адзначыў: «Мы дзейнічалі ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі». Маўляў, аўстрыйскаму бізнэсу патрабавалася пашырэнне дзелавых кантактаў з Усходняй Еўропай.

Як заявіў падначалены Вальнэра Скоф, і казіно, і шэраг іншых аўстрыйскіх фірмаў былі зацікаўленыя ў вядзенні бізнэсу з 10-мільённай Беларуссю, а таму паездка Лукашэнкі была ў гэтым сэнсе вельмі карыснай і патрэбнай для пэўных аўстрыйскіх прадпрыемстваў. Зацікаўленыя ў эканамічным супрацоўніцтве зь Беларуссю бізнэсоўцы якраз і аплачвалі адпачынак Лукашэнкі і яго сям’і.

На пытаньне «Хто гэта?» Вальнэр адказаў: «Мы не хочам абмяркоўваць гэта публічна».

Аднак чаму ж такая зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Беларуссю кампанія, як «Аўстрыйскія казіно», не адкрыла ніводнага казіно ані ў Менску, ані ў іншых гарадах гэтай усходнееўрапейскай краіны? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, Эрвін Рот мае намер перадаць сваю чырвоную папку аўстрыйскай пракуратуры. Журналіст не выключае, што грошы маглі адмывацца.

Скандальныя публікацыі адносна адпачынку презідэнта Лукашэнкі ў Аўстрыі ў сакавіку 2002 года і яго фінансавання з'явіліся сёння і ў іншых вядучых выданнях гэтай краіны.

Як піша выданьне «Kurier», на створаны Леа Вальнэрам у 2001 годзе сакрэтны рахунак НАК цягам некалькіх гадоў былі пераведзеныя мільёны еўра. Сёння гэтым рахункам шчыльна зацікавілася аўстрыйская пракуратура.

Як мяркуе аўтар публікацыі ў Kurier, скандал з колішнім кіраўніком аўстрыйскага НАК і ўладальнікам аўстрыйскіх казіно, хутчэй за ўсё, — спосаб адцягнуць увагу ад іншых сакрэтных рахункаў і таемных фінансавых спраў нацыянальнага камітэту Аўстрыі.

Нагадаем, што 7 верасня 2004 года Ленінскі раённы суд Гародні прысудзіў лідэра прадпрымальнікаў з Гародні Валерыя Леванеўскага да двух гадоў пазбаўлення волі, з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, за «нанясенне публічнай абразы прэзідэнту Беларусі». Суд прызнаў за абразу гонару і годнасці Аляксандра Лукашэнкі фразу «Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб за твой рахунак хтосьці ездзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненне», надрукаваную ва ўлётцы, якая распаўсюджвалася напярэдадні акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках